Стартуе новы праект інтэрнэт-часопіса TAŬBIN, у якім пісьменніца і літаратуразнаўца чытае цыкл кароткіх лекцый пад назвай: “Беларусь як тэкст. Хто і як стварае беларускі сусвет такім, якім ён ёсць”.
У 15 невялікіх відэа Ганна Севярынец расказвае, якія тэксты паўплывалі на нас як на нацыю, зрабілі нас тымі, кім мы ёсць, і чаму сёння мы апынуліся там, дзе апынуліся. Першая лекцыя прысвечаная “фамільнаму срэбру” беларускай культуры — філаматам і філарэтам!
Кожнае відэа суправаджаецца субтытрамі на выбар: беларускімі (для тых, хто не мае магчымасці слухаць аўдыя) і ангельскімі (для тых, хто не валодае беларускай мовай). Аўтары праекту заклікаюць дзяліцца лекцыямі як мага шырэй.
“Мы хочам, каб як мага больш людзей даведаліся пра нас і наш свет, каб яны чыталі нашы тэксты, вывучалі гісторыю і разумелі, што нічога не ўзнікае само па сабе — і за днём сённяшнім стаіць доўгая гісторыя барацьбы за сваё вольнае месца пад сонцам. Гісторыя, якая яшчэ працягваецца”, — піша каманда часопіса TAŬBIN