Выйшаў з друку “Беларускі народны спеўнік”, які змяшчае 55 народных песень і мае дыхтоўнае мастацкае афармленне Касі Сырамалот фотаздымкамі самой мастачкі ды шэрагу айчынных фатографаў.
Зборнік уключае каляндарна-абрадавыя творы з усёй Беларусі, якія былі запісаныя цягам ХХ ст. Кожная песня суправаджаецца нотамі. Укладальніцамі выступілі Яніна Грыневіч і Таццяна Канстанцінава. Кніга пабачыла свет дзякуючы “Акадэмкнізе”, і набыць першыя асобнікі можна будзе на міжнародным кніжным кірмашы ў Менску (12—16 сакавіка) на стэндзе крамы, а пасля 20 сакавіка — у кнігарні “Акадэмкніга”.
Непасрэдна 14 сакавіка з 16.00 на стэндзе крамы можна сустрэцца са складальнікам і атрымаць аўтограф.




“Мне хацелася ў афармленні з аднаго боку паказаць багацце народнай культуры, з іншага — вывесці за межы часу і гісторыі адчуванне кола абрадаў і свят. Паказаць адначасовую сучаснасць і пазачасавасць, пранікненне традыцый і сувязь з імі ў нашым жыцці. Сама прырода паказвае нам, што мы бліжэй да продкаў, чым мы самі сабе ўяўляем. Таму былі абраныя чорна-белыя фотаздымкі, на якіх не будзе моцна зразумела ні хто на іх, ні час, але якія дазваляюць перадаць тое самае адчуванне часу ў прыродзе, яго змены і пераходнага стану”, — падзялілася мастачка Кася Сырамалот падыходам, які скарыстала для афармлення кнігі.
⠀
Частка скарыстаных у выданні здымкаў належаць самой мастачцы, але “хацелася, каб гэта быў калектыўны праект”. Таму былі выкарыстаны сярод іншага фотапрацы Кацярыны Аракчэевай, Паўла Ганчар, Ганны Кіпель, Канстанціна Кіпеля, Кацярыны Ярывановіч.