У серыі “Фальклорныя скарбы Беларусі” ад выдавецтва “Беларуская навука” выйшла кніга беларускіх замоваў з пераказам на расейскую і перакладам на ангельскую мову “Вадзіца-царыца, усяму свету памачніца”.
Выданне ілюстраванае выцінанкамі і мае гукавыя прыклады асобных тэкстаў, зробленыя ўкладальніцай у розных раёнах Беларусі і размешчаныя на YouTube-канале.
У выданне ўключаны тэксты замоў — адметнага і жывога да сёння жанру фальклёрнай творчасці беларусаў. Абсалютная большасць з іх друкуецца ўпершыню. Перад чытачом адкрываецца багаты свет традыцыйных уяўленняў з яго шчыльным і арганічным знітаваннем архаічнай міфалагічнай і хрысціянскай плыняў, а таксама праходзіць будзённае чалавечае жыццё, дзе шукаюць ратунку ад бед і хваробаў. Гэтым надзвычай яркім, паэтычным і нават займальным тэкстам прыпісвалася асаблівая моц. Пераклад на ангельскую і пераказ сюжэта на расейскую мову пашырае чытацкую аўдыторыю.
Куратарка праекта доктарка філалагічных навук Таццяна Валодзіна збірала па ўсёй Беларусі каля 30 гадоў і запісала ўсе замовы, змешчаныя ў гэтым выданні.
Запіс і ўклад. Т. В. Валодзінай; навук. рэд. А. І. Лакотка; пер. на англ. мову І. М. Дубянецкай; іл. Н. А. Сухой.
Кнігу можна купіць у “Акадэмічнай кнізе”, а таксама замовіць на сайце Kniganosha.by