“Адкуль праўда і крыўда” — навінка з гукавым дадаткам

Выдавецтва “Беларуска навука” выпусціла ўнікальнае выданне “Адкуль праўда і крыўда” з серыі “Фальклорныя скарбы Беларусі”. У кнізе, аздобленай выцінанкамі, сабраны пад адной вокладкай народныя легенды і былічкі, а таксама ёсць гукавы дадатак.

У выданне ўключаны легенды і былічкі як асаблівая форма назапашання, захавання і перадачы традыцыйных ведаў аб прыродзе, соцыуме, грамадстве, чалавеку. Укладальніцы Алена Боганева і Таццяна Валодзіна зрабілі акцэнт перадусім на запісах апошніх дзесяцігоддзяў, што выяўляе жыццяздольнасць і глыбіню памяці культуры вуснага тыпу нават у нашу тэхнакратычную эпоху. Частка з матэрыялаў друкуецца ўпершыню.

Ілюстрацыі зрабіла беларуская майстрыха выцінанкі Галіна Жураўлёва.

На адмысловым YouTube-канале размешчаны аўдыя- або відэазапісы часткі тэкстаў, зробленыя ўкладальніцамі ў розных раёнах Беларусі. Дзеля пашырэння чытацкай аўдыторыі сюжэты ў кнізе пераказаныя па-ангельску і па-расейску.