15 красавіка прэзентуюць кнігу “НяВершы” Нікі Беляўцовай

Выйшла з друку кніга паэзіі Нікі Беляўцовай з назвай “НяВершы”. Прэзентацыя навінкі і сустрэча з аўтаркай адбудзецца 15 красавіка ў прасторы “ЭХО” ў Менску.

У зборнік “НяВершы” ўвайшлі тэксты апошніх гадоў маладой паэткі, як яна апісвае іх сама — “вершы пра нас з вамі і для нас з вамі”. Наведнікаў сустрэчы чакаюць пачастункі, чытанні, размовы, цяпло і любоў.

Ніка Беляўцова — паэтка, акторка, стваральніца тэатра “Дом з Марамі”.

15 красавіка
Пачатак у 19:00
Месца: прастора “ЭХО”, пр. Незалежнасці, 95 к.5 (Менск)

Запіс па праз гугл-форму

*

Я створана з кавалачкаў сонца,
Якое адлюстроўваецца ў Нёмане,
Яно зіхаціць няспынна і бясконца,
Пускаючы ў пляс апошнія промні.

Я гэта лес спякотным парным летам.
Недзе там, паміж Стоўбцамі і Койданава,
Дзе можна задыхнуцца паветрам,
І ўпасці з кошыкам стомленай.

Я касцёл Дзевы Марыі на плошчы свабоды
Норт дам дэ Мінск, як кажуць людзі,
А яшчэ я гэта над Нямігай заходы,
І сама Няміга, якую загналі ў трубы.

Я гэта Савецкая вуліца Гомелю
І помнік баброва-чалавечай вайне,
Фарны касцёл бірузовага колеру,
І кветкі, забытыя ў Віцебску на стале.

Я метровыя сцены Крэўскага замку,
Я закінутая сядзіба і кляштары,
Я разбітая алкашамі шклянка,
На падлозе у старажытным манастыры.

Я гэта піва “Калядны цуд”,
Я пачак журавінак ў цукры.
Я гэта тыя, хто мусіць быць тут,
Але яны быць тут не мусяць.

Я гэта “дзякуй”, а не “спасібо”
Ад хлопчыка гадоў пяці,
Я бясконцая мужнасць і сіла,
Якая патрэбна каб далей ісці.