Інтэрнэт-часопіс Taubin публікуе беларускую паэзію, пераклады паэзіі з замежных моваў, інтэрв’ю з літаратарскай і актывісцкай супольнасцю, літаратурна-крытычныя артыкулы.
Паэзія — гэта прастора любові.
Гэта іншае вымярэнне слова, свабоднае ад цэнзуры, розных умоўнасцей і забарон.
Мы — свабода ад нянавісці, агрэсіі і любых іншых праяў зла.
Мы ― свабода.
Нашы каштоўнасці:
Любоў да нацыянальнай — беларускай — мовы. Павага да астатніх моў. Рускамоўныя паэты Беларусі — беларускія паэты.
Роўнасць усіх колераў скуры, гендараў, сэксуальнасцей, рэлігій (як і адсутнасці такіх) і іншых прыкмет, якія вызначаюць індывідуальнасць кожнай асобы.
Мы не ўмешваемся ў дзейнасць літаратурных суполак і плыней, не абмяркоўваем нашых калег у публічнай прасторы і не канкурыруем з іншымі культурнымі ініцыятывамі.
Мы не аддаём перавагу “гучным імёнам”. Адзіны крытэр адбору тэкстаў для публікацыі — іх якасць.
Нашы мэты:
Спрыяць развіццю і пашырэнню беларускай паэзіі і беларускага літаратурнага працэсу.
Даваць аўтарам прастору для выказвання.
Прыўносіць у свет каштоўнасць свабоды слова, роўнасці і ўзаемапавагі.
Усталёўваць сувязі паміж рознымі літаратурамі свету.
Для дасягнення сваіх мэт мы выкарыстоўваем тэкст як сродак сувязі паэтаў і чытачоў, аўтараў і крытыкаў, усіх аматараў прыгожага слова і тых, хто толькі знаёміцца з беларускай культурай.
Нашы патрабаванні:
Любіць літаратуру.
Дасылаць нам якасныя тэксты.
Падзяляць нашы каштоўнасці роўнасці, прыняцця, павагі.
Быць ветлівымі і ўважлівымі да іншых.
Чытаць, слухаць і чуць адно аднаго.
«Taubin» — гэта даніна павагі нашым папярэднікам, пакаленням беларускіх паэтаў, якія сваімі вершамі закладалі магчымасць для існавання сучаснай беларускай паэзіі. Гэта даніна памяці тым, хто гаварыў, каб быць пачутым, хто ўмеў сказаць так, што нават праз дзясяткі гадоў прамоўленае застаецца актуальным.
Мы не ставілі сабе на мэце стварыць музей памерлых паэтаў. Наша мэта — гэта прастора жывых, сучасных, адметных. Дзякуй, што вы з намі.
З любоўю, каманда часопіса «Taubin».
Кантакты: taubin.by@gmail.com