Часопіс “Дзеяслоў” выходзіць у Беларусі зь верасьня 2002 года. За адносна кароткі час “Дзеяслоў” здолеў заваяваць папулярнасьць і вядомасьць у краіне. “Дзеяслоў” сёньня – самае аўтарытэтнае літаратурна-мастацкае выданьне Беларусі. Вакол “Дзеяслова” аб’ядналіся самыя знакамітыя ў Беларусі пісьменьнікі, а таксама самыя перспектыўныя маладыя аўтары.
“Дзеяслоў”, па сутнасьці, застаецца адзінай альтэрнатывай дзяржаўным літаратурна-мастацкім выданьням, дзе ўстаноўленая жорсткая ідэалагічная цэнзура і дзяржаўны кантроль над творамі, што друкуюцца. Вясной 2002 года Міністэрства інфармацыі РБ правяло рэарганізацыю літаратурна-мастацкіх выданьняў, у выніку якой усе літаратурныя часопісы былі пазбаўленыя права на юрыдычную, эканамічную і творчую самастойнасьць і аб’яднаныя ў так званы холдынг “Литература и искусство”. Галоўнай мэтай стварэньня холдынгу было ўстанаўленьне дзяржаўнага кантролю над літаратурным працэсам у краіне. На месца звольненых галоўных рэдактараў часопісаў былі прызначаныя лаяльныя ўладам кіраўнікі. На знак пратэсту многія пісьменьнікі – супрацоўнікі калектываў звольніліся з рэдакцыяў.
Нягледзячы на цяжкасьці, часопіс “Дзеяслоў” зарэгістраваны ў Міністэрстве інфармацыі РБ і выходзіць афіцыйна і рэгулярна – раз на два месяцы. Зь 2005 года на часопіс можна падпісацца па ўсёй краіне празь дзяржаўнае аб’яднаньне “Белпошта”. Аднак праблемы з распаўсюдам застаюцца, бо дзяржаўныя манапалісты “Белсаюздрук” і “Белкніга” адмаўляюцца па надуманых прычынах распаўсюджваць часопіс у розьніцу па краіне.
“Дзеяслоў” – адзіны ў краіне часопіс, дзе аб’ектыўна асьвятляецца літаратурна-мастацкі працэс, друкуюцца новыя творы беларускіх аўтараў (і пераклады замежных), якія па розных прычынах ня могуць быць апублікаваныя ў іншых выданьнях.
Сярод аўтараў “Дзеяслова” – Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Сьвятлана Алексіевіч, Алесь Разанаў, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Законьнікаў і інш. Шмат увагі часопіс надае публікацыі спадчыны вядомых беларускіх пісьменьнікаў – Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш, Алеся Адамовіча…
За апошнія гады ў Беларусі зьявілася новае пакаленьне маладых таленавітых аўтараў, у якіх дзякуючы “Дзеяслову” ёсьць мажлівасьць выбару: друкаваць свае творы ў падцэнзурных выданьнях або ў незалежным і вольным. Творы аўтараў-пачаткоўцаў пастаянна зьяўляюцца ў часопіснай рубрыцы “Дэбют”. На старонках “Дзеяслова” дэбютавалі такія вядомыя цяпер аўтары, як Вольга Базылёва, Анатоль Івашчанка, Глеб Лабадзенка, Наста Кудасава, Сяргей Прылуцкі, Віталь Рыжкоў, Усевалад Сьцебурака, Наталка Харытанюк і іншыя.
Паводле водгукаў чытачоў, заўсёды цікавая ў “Дзеяслове” публіцыстыка, эсэістыка, артыкулы на гістарычную тэматыку, літаратуная і мастацкая крытыка. Улічваючы тое, што ў Беларусі сёньня няма беларускамоўных часопісаў, у якіх бы асьвятляліся праблемы тэатра, кіно, музыкі, “Дзеяслоў” друкуе таксама артыкулы на гэтыя тэмы.
Праца “Дзеяслова” накіраваная ў першую чаргу на выжываньне ў краіне вольнага слова і беларускіх літаратуры і культуры ў цэлым, на абарону права пісьменьнікаў і журналістаў на свабодную публікацыю сваіх твораў, данясеньне праўдзівай і аб’ектыўнай інфармацыі пра стан літаратуры і культуры да чытачоў.
Ад верасьня 2002-га да канца 2009-га года часопіс выходзіў правапісам, вядомым пад назвай дзеясловіца.
Гл. таксама: “Дзеясловіца” – кампрамісны правапіс”.
Галоўны рэдактар — Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч (Сачанка) нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Вялікі Бор на Гомельшчыне. Скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у газетах “Гомельская праўда”, “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Полымя”. Зь 2002 года галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”. У 2011 годзе абраны старшынём ГА “Саюз беларускіх пісьменьнікаў”. Празаік. Аўтар кніг “Ловы”, “Сон між пачвар”, “Фрэскі”, “Шчасьце быць…”, “Жыць не страшна”, “Піліпікі”, “Спакушэнне” і інш. Творы перакладзены на ангельскую, французскую, нямецкую, рускую, польскую, чэшскую, балгарскую, славацкую, літоўскую, украінскую і інш. мовы. У перакладзе Дзьмітрыя Плакса на шведскай мове выйшлі кнігі “Fresker” (2008) і “Torget” (2011).
Намесьнік галоўнага рэдактара — Алесь Пашкевіч
Алесь Пашкевіч нарадзіўся ў вёсцы Набушава ў 1972 годзе. Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і асьпірантуру пры ім. Абараніў кандыдацкую дысертацыю па паэзіі (1998) і доктарскую па прозе (2002). Паэт, празаік, літаратуразнаўца, публіцыст. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтар кніг “Нябесная сірвента” (паэзія), “Пляц волі” (дакументальна-гістарычны раман пра станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці ў 10–20-х гадах ХХ стагоддзя), “Круг” (раман-біяграфія пра лёс выдатнага беларускага паэта Уладзіміра Дубоўкі), “Сімъ побѣдиши” (раман і эсэ), “Кроў з крыві беларуса: Карусь Каганец”; літаратуразнаўчых манаграфій “Зваротныя дарогі” і “Канцэпцыя нацыянальнага быцця ў беларускай літаратуры”, а таксама больш як сотні навуковых артыкулаў. Вершы і проза перакладаліся на расійскую, украінскую, польскую, літоўскую, балгарскую, ангельскую і шведскую мовы. З 2002 па 2011 гады – старшыня Саюза беларускіх пісьменьнікаў.
Дыпламант Міжнароднага Акадэмічнага Рэйтынгу папулярнасьці “Залатая фартуна” (2008). Лаўрэат Міжнароднай прэміі імя Валянціна Пікуля (з уручэньнем залатога медаля) за гістарычную праўду ў рамане “Пляц волі” (2009). Узнагароджаны Прэзідэнтам Украіны ордэнам “За заслугі” (2006).
Стыльрэдактар — Андрэй Федарэнка
Андрэй Федарэнка нарадзіўся ў 1964 годзе ў вёсцы Бярозаўка Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Мазырскі палітэхнікум, працаваў мулярам у Мазыры, Пінску, г.п. Мікашэвічах Лунінецкага раёна. Служыў у Савецкай Арміі. Затым працаваў транспартным рабочым у Калінкавічах, бібліятэкарам у вёсцы Антонаўка Мазырскага раёна. Скончыў Мінскі інстытут культуры (бібліятэчна-бібліяграфічны факультэт). Працаваў у часопісах “Полымя”, “Маладосць”, на кінастудыі “Беларусьфільм”, у тыднёвіку “ЛіМ”. Зьяўляецца аўтарам кніг: “Гісторыя хваробы”, “Смута”, “Шчарбаты талер”, “Афганская шкатулка”, “Нічые”, “Мяжа”, “Ланцуг”, “Сечка”, “Вёска”, “Бедарусь” і інш. Лаўрэат літаратурных і драматургічных конкурсаў. Творы перакладаліся на рускую, англійскую, японскую і інш мовы. У 1995 годзе за кнігу “Смута” атрымаў Літаратурную прэмію імя Івана Мележа. Удзельнік Літэкспрэсу «Еўра-2000». Пераможца Рэспубліканскага конкурсу кінасерыялаў для падлеткаў з творам “Шчарбаты талер”, фільм паводле якога выйшаў у 2006 годзе пад назвай “Три талера”. У 2010 годзе атрымаў прэмію А. Глобуса «Залатая літара» за зборнік прозы «Нічые». У 2012 годзе за кнігу “Ланцуг” прызнаны пісьменьнікам года па версіі часопіса “Sexsus”.
Адказны сакратар — Анатоль Івашчанка
Анатоль Івашчанка нарадзіўся ў 1981 годзе ў Менску. Скончыў філфак БДУ, асьпірантуру пры Інстытуце літаратуры НАН Беларусі, дзе абараніў дысертацыю па паэтыцы Алеся Разанава. Па сканчэньні філфаку (2003) і да высяленьня арганізацыі з Дому літаратара працаваў у Саюзе беларускіх пісьменьнікаў (кіраўнік справаў). Шэсьць гадоў (2006-2012) выкладаў беларускую мову ў БНТУ. Аўтар кніг “Вершnick”, “Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй”, “Хай так”, “Анаталогія”. Фіналіст конкурсу Беларускага ПЭН-цэнтру імя Натальлі Арсеньневай (2003), лаўрэат прэміі “Залатая літара” (2005), конкурсу “Экслібрыс” (2014), прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў намінацыі “Проза” (2015). Вершы перакладаліся на балгарскую, грузінскую, літоўскую, нямецкую, польскую, расейскую мовы.
E-mail: dzieja@tut.by