ПЭН-Беларусь. Сайт Беларускага ПЭН-Цэнтра

З анатацыі сайта арганізацыі:

P.E.N.: Poets (паэты), Essayists (эсэісты), Novelists (навелісты). Першыя літары гэтых слоў супадаюць у многіх еўрапейскіх мовах, а разам складаюць слова pen – асадка. Больш поўная версія: Poets (паэты), Playwrights (драматургі), Editors (рэдактары), Essayists (эсэісты), Novelists (навелісты), а сёння таксама журналісты, гісторыкі, крытыкі, перакладчыкі, сцэнарысты, блогеры, выдаўцы — незалежна ад этнічнай прыналежнасці, мовы, колеру скуры, полу і веравызнання.

Міжнародны ПЭН-клуб — гэта сусветнае аб’яднанне прафесійных літаратараў, заснаванае ў Лондане 5 кастрычніка 1921 года з ініцыятывы Кэтрын Эмі Доўсан-Скот і Джона Галсуорсі, каб пашыраць супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафесіяў і абараняць іх правы. У 2010 годзе Міжнародны ПЭН-клуб налічваў больш за 140 аўтаномных прадстаўніцтваў у розных краінах свету. Сённяшняя прэзідэнтка – пісьменніца Джэніфер Клемент.

Беларускі ПЭН быў створаны ў 1989 годзе аргкамітэтам, у які ўваходзіла 20 пісьменнікаў, і прыняты ў Міжнародны ПЭН-клуб у траўні 1990 года на 55-м кангрэсе, што праходзіў на востраве Мадэйра. Зарэгістраваны Мінюстам Рэспублікі Беларусь 16 лістапада 1990 года на падставе Статута і Пастановы Савета Міністраў № 274 ад 1 лістапада 1990 года і перарэгістраваны 31 кастрычніка 1999 года. Як сябар Міжнароднага ПЭН-клуба Беларускі ПЭН мае статус “А” ў ЮНЭСКА і дарадчы статус у ААН.

Наша мэта — развіваць беларускую культуру, абараняць свабоду слова, правы пісьменнікаў, журналістаў і іншых літаратараў.
Мы ствараем прастору для дыялогу, спрыяем развіццю беларускага літаратурнага працэсу і беларускай культуры наогул, змагаемся супраць любых праяў нянавісці і адстойваем агульначалавечыя ідэалы міру і роўнасці на зямлі. Паслядоўна баронім свабоду выказвання і намагаемся прыцягваць увагу беларускай і міжнароднай супольнасці да парушэнняў правоў літаратараў.

Сябры Беларускага ПЭНа кіруюцца Статутам Беларускага ПЭНа, падзяляюць прынцыпы і каштоўнасці Хартыі Міжнароднага ПЭНа, прызнаюць “Прынцыпы дзейнасці праваабаронцаў”, распрацаваныя беларускай праваабарончай супольнасцю.

Кантакты:

info@penbelarus.org
www.penbelarus.org

У сацыяльных сетках:

(FB) penbelarus.org
(VK) pen_belarus
(Інстаграм) pen_belarus
(youtube) penbelarus