Мінкульт: часопіс беларускай прозы

Літаратурны праект пісьменніка Сяргея Календы. У пачатку 2023 г. выйшаў 6 нумар часопіса.

З прадмовы “Мін.культ-уры-ра-ру…”, у №1, 2018:

“У сучасным культурным асяродзьдзі не хапае разнастайнай мастацкай прозы, дыскусіяў вакол літаратурнага працэсу, і таму нам усім вельмі неабходны новы, малады і амбітны
праект – такі, як «Мінкульт».
Для кожнага такое простае і звыклае слова «мінкульт» загучала гэтак па-рознаму.
Хтосьці ўбачыў тут тролінг бюракратыі, хтосьці сьціпла вырашыў, што гэты часопіс будзе банальна зьнішчаць высокую культуру, хтосьці абураўся, што часопіс займаецца прапагандай, але не сказаў, прапагандай чаго, а некаму падалося гэта ўсё нават абмежаваньнем беларускай прозы сталіцай: «Мінская культура».
Няхай будзе як мага больш цытаваньняў, прачытаньняў, дыскусіяў і проста добрай прозы, якую варта было б разьмясьціць на старонках новага часопісу.
Усе памятаюць неверагодную «Макулатуру», і казаць, што гэта працяг таго самага часопісу беларускае прозы і мастацтва – немагчыма, але варта адзначыць, што і «Мінкульт» вырас не на пустым месцы, бо трэба было набрацца досьведу, навучыцца ствараць і ўладкоўваць пад адной вокладкай досыць розныя і спрэчныя тэксты ад аўтараў, якія часам адзін аднаго ня любяць і прамаўляюць гэта альбо ўголас, альбо ўпотай, дзесьці на рагу кнігарні й пункту прыёму шклатары. І ў нас атрымалася: каманда «Мінкульту» прафэсійна і аб’ектыўна выйшла на той узровень стварэньня часопісу, калі ніводнага слова ня выкінеш, ня тое што аўтара.
Зьмест і тэматыка «Мінкульту» – вольныя, у першым нумары мы пакуль што думаем толькі пра якасьць тэкстаў, але пазьней, з новымі выданьнямі, пачне зьяўляцца тэма, і гэта будзе цікава ўсім нам.
Наш фармат, прабачце – «Фармат!», абсалютна не фарматны, мы адкрытыя ўсяму ў сьвеце, свабодзе творчасьці і волі думкі, мастацкай непаўторнасьці ды яркасьці, для нас кожны тэкст – гэта спачатку акт мастацтва, а ўжо потым – фармальнасьці кшталту правапісу ды іншага, бо ўзроўню мастацкасьці не існуе ў прыродзе. Немагчыма знайсьці правілы, формулу або разьлічыць штосьці, што стварае чалавек, бо заўжды кожны тэкст, карціна, пэрформанс будуць вынікам сумы «π» у квадраце, са сваім доўгім хвастом хібнасьці… Бо ідэалу не існуе, а толькі межы, якія ствараюць самі людзі, асабліва тыя, што сьвята вераць у сваю праўду, якая можа быць усяго толькі прывідам, які падпарадкоўваў тых самых бязглуздых выконваць загад, працу: «Я рабіў сваю работу, свой арбайтэн».
Часопіс супраць цэнзуры, супраць любых камітэтаў, якія спрабуюць кантраляваць мастацтва.
Вашай увазе «Мінкульт»: вялікі, цёплы і духмяны, з процьмай старонак чыстай прозы, задавальненьня, інтэлектуальнай оргіі ды простага каханьня для душы.

Сяргей Календа
Мінкульт
2018″

Старонка часопіса ў Facebook

Архіў часопіса на сайце Бібліятэкі “Камунікат”