Выдавецтва “Папуры” днямі атрымала з друку наклад рамана Эрыха Марыя Рэмарка “Тры таварышы” у якасным прыгожым афармленні. Пераклад на беларускую здзейсніў Уладзімір Папковіч, першае выданне кнігі пабачыла свет яшчэ ў 1994 годзе.
Гэта глыбокі і кранальны аповед пра сяброўства, каханне і здольнасць выжываць ў суровых рэаліях міжваеннай Германіі, які пакідае след у сэрцах кожнага чытача.
Тры таварышы — Роберт Локамп (Робі), Ота Кёстэр і Готфрыд Ленц трымаюць невялікую аўтарамонтную майстэрню. Дзеянне рамана адбываецца ў 1928-1929 гг. у часы Веймарскай рэспублікі. Галоўныя героі, з траўматычным ветэранскім досведам І сусветнай вайны, спрабуюць знайсці сваё шчасце ў свеце, які далёкі ад ідэалу.