Перакладчык беларускай літаратуры на нямецкую мову Томас Вайлер (Thomas Weiler) атрымаў прэмію за пераклад “Сабак Эўропы” Альгерда Бахарэвіча.
“Адзін з найлепшых перакладчыкаў з беларускай на нямецкую Томас Вайлер атрымаў прэмію Паўля Цэлана за свой неймаверны пераклад рамана “Сабакі Эўропы” Альгерда Бахарэвіча“, — падзялілася навіной у фэйсбуку паэтка Юля Цімафеева.
Абгрунтаванне журы, у якое ўваходзяць Карын Бэц (Karin Betz), Урсула Грэфэ (Ursula Gräfe), Патрыцыя Клёбусіцкі (Patricia Klobusiczky), Крысціянэ Кёрнэр (Christiane Körner) і Ульрых Зонэнбэрг (Ulrich Sonnenberg) апублікаванае на сайце Deutscher-literaturfonds.de.
“Прэміяй Паўля Цэлана ў 2024 годзе ганаруецца перакладчык Томас Вайлер за шматгранную перакладчыцкую творчасць, праз якую нямецкамоўны чытач мае магчымасць знаёміцца з малавядомай яму беларускай, польскай і расейскай літаратурай праз творы Артура Клінава, Віктара Марціновіча, Вольгі Гапеевай, Земавіта Шчэрэка (Ziemowit Szczerek), Аляксандры Літвіной, Юлі Цімафеевай і інш. Жанры ягоных перастварэнняў вар’іруюцца ад складанай прозы ды нетрывіяльнай дзіцячай літаратуры, сягаючы далікатнай паэзіі.
У прыватнасці, Томас Вайлер ганаруецца Прэміяй імя Паўла Цэлана за пераклад раману Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Эўропы” (выдавецтва Voland & Quist), які быў прызнаны экстрымісцкім і забаронены да продажу ў Беларусі. <…> Журы ацаніла выдатны пераклад Вайлера, у якім ён змушае разнастайныя галасы раману гучаць з неймаверна вынаходліва і свежа. Пры гэтым ён бліскуча выкарыстоўваючы розныя стылістычныя магчымасці ад слэнгу і архаізмаў да сатыры і міфалогіі. <…> Дзякуючы эксперыментальным моўным гульням, дасканаламу адчуванню рытму і тону на розных узроўнях тэксту, а таксама дзякуючы ўважлівасці да дэталяў, якая дазваляе адчытаць незлічоныя алюзіі ў рамане, Томас Вайлер дорыць нямецкамоўным чытачам неймавернае моўнае задавальненне і адкрывае раней невядомы твор сусветнай літаратуры”.
Памер прэміі імя Паўля Цэлана, якую прысуджае Нямецкі літаратурны фонд, сёлета складае 25 000 еўра. Прэмію ўручаць на Літаратурным калёквіуме ў Берліне 21 лістапада 2024 году.
Як раней паведамляў Bellit.info, у студзені 2024 года раман Альгерда Бахарэвіча выйшаў у нямецкім выдавецтве Voland & Quist.
Загалоўнае фота Anja Kapunkt: крыніца