Літаратуразнавец-медыявіст, кандыдат філалагічных навук Аляксандр Бразгуноў у межах працы вядучым навуковым супрацоўнікам у Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі напісаў новую манаграфію “Аўтарская самасвядомаць у беларускім пісьменстве 16–17 стагоддзяў”.
У манаграфіі разгледжаны працэс станаўлення аўтарскай самасвядомасці ў беларускім пісьменстве эпохі Рэнесансу і барока, калі адбываўся складаны пераход ад сярэднявечных прынцыпаў творчасці да новых форм мастацкага самавыражэння. Даследаванне грунтуецца на багатым шматмоўным літаратурным матэрыяле XVI–XVII стст., прадстаўленым разнастайнымі жанрамі (прадмова, акафіст, хроніка, паэма, дыярыуш, апісанне падарожжа) і аўтарамі (Ф. Скарына, А. Рымша, М. Гусоўскі, Ф. Еўлашоўскі, Я. Цадроўскі, М. К. Радзівіл, А. С. Радзівіл, Т. С. Білевіч і інш.).
Кнігу можна купіць у менскай кнігарні “Акадэмкніга” ці, напрыклад, замовіць праз сайт “Кніганоша”.
Адрасуецца манаграфія літаратуразнаўцам ды ўсім, хто цікавіцца культурай і гісторыяй Беларусі эпохі Рэнесансу і барока.