На сайце Change.org з’явілася петыцыя з заклікам да агенцыі Blair partnership, якая валодае правамі на серыю кніг Джаан Роўлінг пра Гары Потэра, перагледзець сваю адмову выдавецтву “Янушкевіч” працягваць выдаваць кнігі серыі.
Раней у беларускім незалежным выдавецтве выйшла тры першыя кнігі серыі. Але нядаўна ў сацсетках выдавецтва з’явіўся допіс, дзе сярод іншага тлумачылася сітуацыя з выданнем чацвертай часткі: “Гары Потэра не будзе. Мы не знайшлі ўзаемапаразумення з праваўладальнікамі. Яны не хочуць звязвацца ні з чым беларускім, пакуль Рэспубліка Беларусь пад санкцыямі”.
Пасля гэтай інфармацыі ў аўтараў петыцыі з’явілася ідэя сабраць подпісы пад зваротам да праваўладальнікаў ад патэнцыйных чытачоў, тых, хто чакае наступныя кнігі серыі і ад проста неабыякавых беларусаў.
Заклік да агенцыі перагледзець рашэнне аўтары петыцыі падмацоўваюць шэрагам аргументаў выкладзеных у чатырох пунктах. Сярод іншага тлумачыцца сітуацыя з закрыццём выдавецтва “Янушкевіч” у Беларусі, пераслед выдаўца, сітуацыя з беларускай мовай і падкрэсліваецца важнасць магчымасці чытаць дзецям Гары Потэра на іх роднай мове.
Азнаёміцца з поўным тэкстам петыцыі і падпісаць яе можна тут.
Загалоўнае фота: крыніца