У выдавецтве “Янушкевіч” расказалі пра поспехі і праблемы апошніх 6 месяцаў. Сярод іншага паведамляецца пра тое, што ніяк не ўдаецца паразумецца з праваўладальнікамі серыі кніг Джоан Роўлінг пра Гары Потэра, праз тое, што Рэспубліка Беларусь знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі.
“Гары Потэра не будзе. Мы не знайшлі ўзаемапаразумення з праваўладальнікамі. Яны не хочуць звязвацца ні з чым беларускім, пакуль Рэспубліка Беларусь пад санкцыямі. Усе нашы тлумачэнні, што мы зараз пад польскай юрысдыкцыяй, не далі выніку, мы зрабілі што маглі. Мы ацэньваем тое, што адбылося, як акт дыскрымінацыі нацыянальнай культуры. І гэта адбываецца ў Еўропе... — тлумачаць у выдавецтве, — Лічым, што нашым палітыкам і культурным дыпламатам і не толькі ёсць дзе разгарнуцца. Гэта важная, надзённая і канкрэтная праблема. А канкрэтнай праблеме патрэбна канкрэтнае рашэнне”.
Сярод поспехаў называецца адкрыццё наноў кнігарні “Кнігаўка”, з’яўленне кніг выдавецтва ў продажы на Amazon, выданне за 6 месяцаў дзесяці новых кніг. Але нягледзячы на пазітыўныя вынікі выдавецтва сутыкаецца з недахопам дадатковых інвестыцый.
“Мы ўперліся ў столь і сутыкнуліся з праблемай росту. Аб’ёмы продажаў не такія вялікія, каб па-нармальнаму, ужо зараз, заняцца пашырэннем асартыменту. 10 выданняў за паўгода — гэта мала”.
Як адзін з варыянтаў рашэнняў выдавецтва “Янушкевіч” адкрывае збор сродкаў на польскай краўд-платформе Zrzutka.pl і на Patreon. Кожны, нават невялікі ўнёсак будзе набліжаць час з’яўлення новых кніг. А пра планы выдавецтва можна дазнацца па спасылках на платформы.
Галоўнае фота: крыніца