Зарыцкі Аляксей

Зарыцкі Аляксей Аляксандравіч (22.3.1911, Хоцімск, цяпер Магілеўская вобл. — 29.10.1987, Мінск). Паэт, перакладчык. Сябра СП з 1935 г.

Нарадзіўся ў сям’і служачага. У 1928 г. закончыў сярэднюю школу ў Бабруйску, працаваў электраманцёрам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. Закончыў Маскоўскі інстытут замежных моў (1936). У 1938—1946 гг. служыў у Савецкай Арміі. у 1941—1942 гг. удзельнічаў у баях пад Арлом і Масквой, быў памочнікам начальніка разведаддзела штаба аднаго з паветрана-дэсантных карпусоў. Затым у якасці інструктара армейскага палітаддзела браў удзел у баявых аперацыях на Волхаўскім і Ленінградскім франтах. Быў супрацоўнікам, пасля загадчыкам аддзела паэзіі часопіса “Полымя”. Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені і медалямі. Сябра СП СССР з 1935 г.

Пахаваны на Чыжоўскіх могілках Мінска.

Дэбютаваў у друку з вершам у 1927 г. Пісаў на беларускай і рускай мовах. Аўтар кніг паэзіі “Эпічныя фрагменты” (Менск, 1932), “Дняпроўскае рэха” (Мінск, 1946), “Арліная крыніца” (Мінск, 1947), “Наш сын” (Мінск, 1950), “Вершы і паэмы” (Мінск, 1952), “Залатое дно” (Мінск, 1955), “Праз бурныя парогі” (Мінск, 1957), “Размова з сэрцам” (Мінск, 1961), “Вяртанне на зямлю” (Мінск, 1966), “Мая асяніна” (Мінск, 1973), “У дарогу” (Мінск, 1973), “Пераклічка гадоў” (Мінск, 1974), “Каля вячэрняга кастра” (Мінск, 1979), “Трывожная госця” (Мінск, 1986), паэм “Світанскія сады” (Мінск, 1950) і “Пакуль не позна” (Мінск, 1992),  зборнікаў гумарыстычных вершаў “Пасылка ў рай” (Мінск, 1960) і “Талоны на бяссмерце” (Мінск, 1974), зборніка апавяданняў “Вересковый мед” (Минск, 1965), кнігі ўспамінаў, крытычных артыкулаў, нарысаў “За словам-падарункам” (Мінск, 1985 г). Выдадзеныя Выбраныя творы ў 2 т. (Мінск, 1969; Мінск, 1981), Збор твораў у 2 т. (Мінск, 1994). Перакладаў з рускай, украінскай, літоўскай, нямецкай, польскай, лужыцка-сербскай моў. Асобнымі кнігамі выйшлі зборнік А.Туманяна “Казкі і легенды” (Мінск, 1958), паэма К.Данелайціса “Чатыры пары года” (Мінск, 1961), балада А.Міцкевіча “Свіцязанка” (Мінск, 1976) і кніга выбраных перакладаў “У свет па песні” (Мінск, 1978). Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 364).