Законнікаў Сяргей Іванавіч (нар. 16.9.1946, в. Слабада, Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.). Паэт. Сябра СП з 1977 г.
Нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў. Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1969). У 1969—1970 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Клетнаўскай сярэдняй школе Барысаўскага раёна. Пасля быў літсупрацоўнікам ушацкай раённай газеты “Патрыёт” (1970—1971), сакратарам Ушацкага райкома камсамола (1972—1975). З сакавіка 1975 г. карэспандэнт, загадчык аддзела газеты “Чырвоная змена”, з кастрычніка 1975 г. карэспандэнт газеты “Звязда”. З 1978 г. інструктар, з 1979 г. загадчык сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ. У 1986—2002 гг. галоўны рэдактар часопіса “Полымя”. Быў сябрам Цэнтральнай рады партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада”. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1977 г. Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” і медалём. Першы верш апублікаваў у 1963 г. (газета “Віцебскі рабочы”). У 1970 г. у калектыўным зборніку “Рунь” надрукавана падборка вершаў. Аўтар зборнікаў “Бяседа” (Мінск, 1973), “Устань да сонца” (Мінск, 1976), “Пакуль жыве мая бяроза” (Мінск, 1981), “Вера, надзея, любоў” (Мінск, 1983), “Встань раньше солнца” (Москва, 1985), “Прысак часу” (Мінск, 1986), “Сутнасць” (Мінск, 1987), “Вечная далеч” (Мінск, 1987), “Заклінанне” (Мінск, 1991), “Святая воля” (Мінск, 1993), “Беларускае сэрца” (Мінск, 1993), “Вячэра пад райскім дрэвам” (Мінск, 1996), “Czarny koń Apokalipsy” (Warszawa, 1996, 2006), “Лістам дарога запала…” (Мінск, 2000), “Пътят на душата” (Сафія, 2002), “Гэта мы” (Мінск, 2006), “Першы пацалунак” (Мінск, 2007), “Дол” (Мінск, 2008), “Насустрач” (Мінск, 2008), “Шалёная куля” (Мінск, 2010), “Вечны пароль” (Мінск, 2021). Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы рускіх, украінскіх, грузінскіх і летувіскіх паэтаў. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя Аркадзя Куляшова (1982) за кнігу вершаў “Пакуль жыве мая бяроза”, Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы (1992) за кнігу паэзіі “Заклінанне”.