Зайцаў Вячаслаў Кандратавіч (18.9.1917, в. Ахлябініна Уфімскага р-на, Башкартастан, Расія — 19.4.1992, Уладзімір, Расія). Літаратуразнаўца, філосаф, перакладчык.
Нарадзіўся ў рабочай сям’і. Тры класы пачатковай школы закончыў у в. Харкаўская Нурыманаўскага раёна (Башкірыя), сямігодку сялянскай моладзі — на ст. Улу-Целяк Уфімскай чыгункі ў 1931. Закончыў Уфімскі механічны тэхнікум (1935), філалагічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта (1951). З 1935 г. працаваў тэхнікам на Уфімскім нафтаперапрацоўчым заводзе. У 1939—1946 гг. служыў у памежных войсках (паводле іншых звестак — на флоце) на Далёкім Усходзе, дзе ўступіў у КПСС. З 1951 г. асістэнт, старшы выкладчык, дацэнт кафедры славянскай філалогіі Ленінградскага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук (1954). З 1964 г. жыў у Мінску, працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З сярэдзіны 1950-х публікаваў навуковыя артыкулы пра славянскія літаратуры, вывучаў беларускую культуру эпохі Адраджэння, у тым ліку творчасць Францыска Скарыны. Даследаваў касмічныя рэмінісцэнцыі ў помніках старажытных літаратур і ў выяўленчым мастацтве, займаўся тэмай “Космас і Біблія”. Публікацыя ў 1967 г. у часопісе “Байкал” артыкула “Багі прыходзяць з космаса”, а таксама публічныя лекцыі на касмічную тэматыку выклікалі адмоўную рэакцыю з боку афіцыёзу і крытыку ў савецкім друку. У 1974 г. падчас кампаніі пераследу ў АН БССР апазіцыйна настроеных супрацоўнікаў публічна выйшаў з КПСС. У 1975 г. звольнены з інстытута. Пасля звальнення працягваў сваю лектарскую дзейнасць у розных гарадах СССР. Арыштаваны КДБ 23.11.1978. У чэрвені 1979 г. накіраваны на прымусовае лячэнне ў Казанскі спецыяльны псіхіятрычны шпіталь. Пасля неаднаразовых зваротаў казанскіх псіхіятраў вызвалены ў 1982 г. У 1983 г. вярнуўся ў Мінск.
Пахаваны на могілках Улыбашава ва Уладзіміры, РФ. Аўтар навуковых прац па літаратуразнаўстве, культуралогіі, касмалогіі, манаграфіі “Между Львом и Драконом: Дубровницкое Возрождение и эпическая поэма И. Гундулича “Осман”” (Минск, 1969), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры» (Мінск, 1968).