5 траўня заканчваецца прыём заявак на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай, якой адзначаюцца найлепшыя кнігі паэзіі на беларускай мове. Сёлета маюць выдаць дзве ўзнагароды – за кнігі, выдадзеныя ў 2022 і 2023 гадах.
Для ўдзелу ў конкурсе аўтарам трэба запоўніць спецыяльную форму па спасылцы і даслаць электронную версію кнігі разам з вокладкай у фармаце jpeg, jpg, або png на адрас электроннай пошты арганізатараў (ludzislova@penbelarus.org – у тэме ліста трэба пазначыць назву кнігі і аўтара). Канчатковы тэрмін падачы заявак – 5 траўня 2024 года ўключна.
Заяўкі для ўдзелу ў конкурсе прымаюцца з улікам наступных крытэрыяў:
- жанр – паэзія;
- кніга выдадзена ў 2022 ці 2023 годзе (калі кніга выдадзена ў 2021 годзе, але з нейкіх прычын не ўдзельнічала ў леташнім конкурсе, яна можа быць заяўлена на ўдзел сёлета);
- мова кнігі – беларуская;
- кніга мусіць быць выдадзена ўпершыню ў папяровым ці электронным выглядзе (выдадзенай упершыню лічыцца кніга, палова і больш зместу якой публікуецца ўпершыню).
Падрабязней пра ўмовы і правілы прэміі можна даведацца са статуту.
Паэтычная прэмія была заснавана ў гонар Наталлі Арсенневай, выдатнай паэткі і зоркі літаратуры Заходняе Беларусі, аўтаркі верша “Малітва”, які зрабіўся гімнам “Магутны Божа”, якая працягвала сваю дзейнасць на эміграцыі, уносячы неацэнны ўклад у захаванне і развіццё беларускай культуры і літаратуры. Арганізацыяй прэміі займаюцца Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, якія выступаюць за падтрымку і развіццё беларускай літаратурнай традыцыі.