Беларускі паэт і празаік Дзмітрый Плакс напісаў кнігу “Пётр” пра свайго сына, якога жорстка забіў аднагодак у 16-гадовым узросце. Цяпер драматург і загадчык літаратурнай часткі Каралеўскага драматычнага тэатра ў Стакгольме Якаб Хірдваль перапрацоўвае гэты твор у п’есу “Пётр: час”. Прэм’ера мае адбыцца 30 жніўня ў тэатры “Арыён”, піша zbsb.info.
Пяць гадоў таму на шаснаццацігадовага Пятра Плакса здзейсніў нематываваны напад ягоны сябра-аднагодак, які меў псіхічны разлад. Дзмітрый Плакс дагэтуль цяжка перажывае смерць сына. Цяжкі маральны стан бацькі ледзьве не стаў перашкодай на шляху ўвасаблення кнігі “Пётр” у п’есу, бо вядомы драматург і пастаноўшчык Якаб Хірдваль, якому Дзмітрый Плакс прапанаваў свой тэкст, асцерагаўся паглыбіць псіхічную траўму апошняга.
Тэатральная адаптацыя будзе ўяўляць з сябе гісторыю пра бацьку, які сумуе па сваім дзіцяці і намагаецца захаваць ягонае жыццё, узгадваючы пра яго ўсё, што толькі магчыма. “А гэта азначае, — кажа Якаб Хірдваль, — што п’еса парадаксальным чынам будзе ўтрымліваць шмат святла, цеплыні і гумару“.
“Я таму і звярнуўся да Якаба, бо ведаў, што ён усё правільна зразумее”, — каментуе такую інтэрпрэтацыю Дзмітрый Плакс. Акрамя таго, што аўтары разам выбіралі актора Андрэаса Лільехольма, які будзе граць Дзмітрыя ў п’есе, больш ніякага ўдзелу ў пастаноўцы спадар Плакс не бярэ, цалкам давяраючыся рэжысёру.
На загалоўным фота Дзмітрый Плакс і Якаб Хірдваль. Фота: Roger Turesson