Пачаўся новы сезон прэміі за найлепшую паэтычную кнігу

Арганізатары абвяшчаюць прыём заявак на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай за найлепшую кнігу паэзіі на беларускай мове. У гэтым годзе маюць выдаць дзве ўзнагароды – за кнігі, выдадзеныя ў 2022 і 2023 гадах.

Паэтычная прэмія была заснавана ў гонар Наталлі Арсенневай, выдатнай паэткі  і зоркі літаратуры Заходняе Беларусі, аўтаркі слоўваў да гімна “Магутны Божа”, якая працягвала сваю дзейнасць на эміграцыі, уносячы неацэнны ўклад у захаванне і развіццё беларускай культуры і літаратуры. Арганізацыяй прэміі займаюцца Беларускі ПЭН і  Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, якія выступаюць за падтрымку і развіццё беларускай літаратурнай традыцыі.

Заяўкі для ўдзелу ў конкурсе прымаюцца з улікам наступных крытэрыяў:

  • жанр – паэзія;
  • кніга выдадзена ў 2022 ці 2023 годзе (калі кніга выдадзена ў 2021 годзе, але з нейкіх прычын не ўдзельнічала ў леташнім конкурсе, яна можа быць заяўлена на ўдзел сёлета);
  • мова кнігі – беларуская;
  • кніга мусіць быць выдадзена ўпершыню ў папяровым ці электронным выглядзе (выдадзенай упершыню лічыцца кніга, палова і больш зместу якой публікуецца ўпершыню).

Падрабязней пра ўмовы і правілы прэміі можна даведацца са статуту.

Для ўдзелу ў конкурсе аўтарам трэба запоўніць спецыяльную форму па спасылцы і даслаць электронную версію кнігі разам з вокладкай у фармаце jpeg, jpg, або png на адрас электроннай пошты арганізатараў (ludzislova@penbelarus.org – у тэме ліста трэба пазначыць назву кнігі і аўтара). Канчатковы тэрмін падачы заявак – 5 траўня 2024 года ўключна. 

Склад журы будзе абвешчаны найбліжэйшым часам.