Мемуары славутага беларускага пісьменніка Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”, якія ўпершыню пабачылі свет у 2002 годзе, дзякуючы ініцыятыве Audiobooks.by выйшлі ў аўдыяфармаце.
“Доўгая дарога дадому” — гэта апошняя і найбольш спавядальная кніга Васіля Быкава. Яна была напісана на схіле гадоў і на чужыне, калі ішоў апошні акт драмы пісьменніка: у 1998 годзе ён вымушаны быў пакінуць Беларусь. Фінляндыя, Германія, Чэхія — гэтыя краіны далі прыстанішча таму, каго на радзіме называлі сумленнем нацыі.
Кніга выйшла ў той час, калі аўтар ляжаў у лякарні ў Празе. І хоць Быкаў меркаваў напісаць працяг кнігі, але часу для гэтага ўжо не заставалася — наперадзе былі вяртанне дадому і адыход у вечнасць.
Агучыў Ісай Свістулькін, дызайн вокладкі Артура Вакарава. Кнігу можна слухаць на большасці стрымінгавых пляцоўках: Spotify, Apple Podcasts і інш.
Нагадаем, што сёлета Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў праводзіць Літаратурны конкурс да 100-годдзя Васіля Быкава. Да ўдзелу запрашаюцца маладыя аўтары і аўтаркі да 35 гадоў, што працуюць у жанрах прозы, эсэістыкі і публіцыстыкі. Мова твораў — беларуская, тэматыка твораў не абмежаваная.
Каб паўдзельнічаць, дасылайце рукапіс сваёй кнігі ў фармаце .docx(.doc) на адрас: bellit.info@gmail.com з пазнакай «Конкурс», а таксама далучыце анатацыю, сваё фота і кароткую аўтабіяграфію. Аб’ём рукапісу не абмяжоўваецца.
ДЭДЛАЙН — 1 чэрвеня 2024 г.