Разам з прыватнай школай “Стэмбрыдж” на ўскраіну літоўскай сталіцы пераязджае са старога гораду і беларуская кнігарня Hartajka.
“Сябры, з хваляваннем і надзеяй паведамляем, што ад 8 красавіка наша крамка пераязджае разам з нашай любімай школай Стэмбрыдж у новы будынак па адрасе Nemenčinės pl. 48!” — паведамляе “Гартайка” на сваёй старонцы ў Instagram.
“Добрыя навіны — там зручна і бясплатна паркавацца на аўто, дрэнныя — гэта будзе ўжо не зусім (зусім не) цэнтр горада і для некаторых з вас, вядома, гэта стане перашкодай, каб заскочыць праходзячы міма і набыць цудоўную кніжку. Тым не менш, мы збіраемся працягваць сваю працу, нягледзячы на гэтыя акалічнасці. Мы таксама захаваем і, спадзяюся, павялічым колькасць выездаў на розныя мерапрыемствы, кірмашы, фэсты і г.д. — ва ўсе тыя месцы, дзе будуць збірацца беларусы і беларускі. Такая вось “вандроўная кнігарня”, — дзеляцца планамі кнігары.
Заснавальнікі “Гартайкі” звяртаюцца да чытачоў па парады і ідэі наконт таго, дзе ў Вільні можна зрабіць афлайн кропку з кнігамі, а таксама будуць удзячныя арганізатарам за запрашэнні на літаратурныя мерапрыемствы.
Раней “Гартайка”, адзіная беларуская кнігарня ў Вільні, дзейнічала ў памяшканні школы “Стэмбрыдж” па вуліцы Майронё, насупраць бернардынскага кляштару.