Беларускі паэт Сяргей Прылуцкі, які жыве ў Бучы пад Кіевам, нядаўна выпусціў зборнік новых вершаў, большасць з якіх была напісаная пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Bellit.info расказваў пра выхад кнігі ў выдавецтве hochroth Minsk.
У 2022 годзе Сяргей здолеў выехаць з Бучы прыкладна пасля двух тыдняў акупацыі, вярнуўся ў траўні 2022 году, калі ў мястэчку аднавіўся транспарт, паявіліся вада і ацяпленне. Праз кватэру Прылуцкіх пайшлі расіяне, некаторыя рэчы былі скрадзены.
Цяпер Буча, дзеліцца Сяргей з polskieradio.pl, дастаткова спакойнае месца, хоць чуваць як над Кіевам працуе СПА, чуваць і калі ракета падае на горад:
– Людзі звыкаюць да пэўных экстрэмальных умоваў. Хто не можа да іх прывыкнуць, то жыве ў іншым месцы, ці за мяжой. Астатнія прыстасоўваюцца да абставінаў. Шмат у чым гэта стрэсавыя сітуацыі і небяспека вайны, але людзі нават намагаюцца жартаваць і з іроніяй ставіцца да вайсковых нязручнасцяў падчас атак.
Сяргей не разлічвае на хуткае завяршэнне вайны. З самага пачатку ён разумеў – гэта надоўга.
У новую кнігу паэзіі “Нічога нястрашнага” ўвайшло каля 30 вершаў.
– Адзін з гэтых трох вершаў з цыклу «Лісты Адаму», якія я пісаў у асноўным у 2022 годзе. Гэтыя вершы, магчыма, з’яўляюцца прадчуваннем вайны, але я хацеў бы нагадаць, што мы з 2014 году жывем у прадчуванні вайны. Мне здаецца, што ў маіх вершах вайна пачалася са зборніка «Патрыятызм для чайнікаў», напісаная ад імя выдуманага паўночна-карэйскага паэта. Там апісана як краіна, мелася на ўвазе Беларусь, пераўтвараецца ў Паўночную Карэю. І там ёсць элементы вайны, але на метафарычным узроўні. Цяперашняя кніжка «Нічога нястрашнага» па сутнасці тое, што называюць дакументальнай паэзіяй, – расказвае Сяргей.
Пра што б ні пісаў паэт, ні маляваў мастак, ні граў музыка ў час вайны – вайна так ці інакш праявіцца ў яго творчасці, лічыць Сяргей Прылуцкі.
– Чалавек, які жыве ва ўмовах вайны, свядома ці падсвядома адлюструе свой досвед у тым, што ён піша. Нават калі пра гэта не гаворыцца наўпрост.