У выдавецтве Skaryna press выйшла новая кніга вершаў паэткі і перакладчыцы Аксаны Данільчык “Час знешняй адсутнасці”. Паэтычны зборнік можна набыць праз сайт выдавецтва ў папяровым і электронным варыянтах.
Кніга вершаў Аксаны Данільчык “Час знешняй адсутнасці” — гэта погляд у глыбіню сябе, існаванне на адлегласці ад прадвызначаных маршрутаў, рэфлексія над тым, што сыходзіць з цягам часу, і тым, што застаецца; імкненне захаваць сябе і ўласны голас незалежна ад абставін і распавесці пра гэта мовай экзістэнцыйнай паэзіі, у якой аўтарскае “я” бачна, чутна, адчувальна.
Аксана Данільчык нарадзілася ў 1970 годзе ў Мінску. Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ, кандыдатка філалагічных навук (беларуская, італьянская літаратура). Кандыдацкую дысертацыю абараніла па тыпалогіі беларускай і італьянскай літаратур другой паловы ХХ ст. (канцэпцыя чалавека ў прозе аб Другой сусветнай вайне). Вучылася ў Італіі. Перакладае з італьянскай мовы. Пераклады друкаваліся ў часопісах “Крыніца”, “Наша вера”, “Дзеяслоў”, “Верасень” і інш., увайшлі ў анталогію “Галасы з-за небакраю”.
Аўтарская паэзія друкавалася як у перыёдыцы, так і выходзіла асобнымі зборнікамі. Мае ў даробку наступныя кнігі:
- Абрыс Скарпіёна (1996)
- Павуцінка на агрэсце (2005) — вершы для дзяцей
- Il Mezzogiorno. Поўдзень (2006)
- Сон, які немагчыма забараніць (2011)
- Блюмэнштрасэ (электронная кніга, 2018)
- Il canto del ghiaccio (Edizioni Controluce, 2019) — зборнік вершаў у перакладзе на італьянскую мову