9 лістапада беларускі пісьменнік і журналіст Аляксандр Тамковіч мог бы адзначаць свой 60-гадовы юбілей. Але з прычыны цяжкіх хвароб у сакавіку 2022 года яго не стала. Напярэдадні 60-годдзя Беларуская асацыяцыя журналістаў паразмаўляла з дачкой Аляксандра — Марай Тамковіч.
— Якія вашы дзіцячыя ўспаміны пра татава выхаванне? Якім бацькам быў Аляксандр Тамковіч?
— Думаю, каб выхаванне было толькі на бацьку, ён бы разбэсціў мяне ўшчэнт. Але за парадак і дысцыпліну ў доме заўжды адказвала мама. Яна была значна больш уважлівая і строгая ў выхаванні. А тата быў больш даверлівы і вельмі не любіў канфрантацый. Яму зручней было думаць добра пра нешта і заплюшчваць вочы на аргументы, якія могуць сведчыць пра адваротнае. Ён не быў моцна патрабавальны да побыту, да штодзённасці і абсалютна не меў жадання ў гэта занурацца. У пэўным сэнсе тое датычылася і мяне. Тата быў схільны значна больш дазволіць, прыняць часам вельмі сумнеўную аргументацыю ці апраўданні, значна больш выбачыць. Ён падзяляў маю слабасць да кніжак. Дома заўжды было шмат кніг, і я цягнула іх у хату калі толькі магла. Тата мала калі адмаўляў мне ў грошах, каб набыць чарговы збор твораў, які я выглядзела ў “Букінісце”.
— І я пёрла кнігі дахаты — пажадана так, каб мама не адразу заўважыла. Дарэчы, у апошнім маім фільме «Пад шэрым небам» — поўнаметражным дэбюце, які выйдзе налета, — усе расійска- і беларускамоўныя кнігі ў дэкарацыях з маёй бібліятэкі, якую я тады назбірала і потым часткова перавезла ў Польшчу. Сярод іх і кнігі, набытыя ў тым “Букінісце” на грошы, якія тата мне даваў, не афішуючы маме.
— У дзіцячым успрыманні тата быў для мяне сінонімам прыгоды. Ягоная праца падавалася прыгодай, але і ў адпачынку авантурныя пачынанні — з ім. Менавіта тата быў гатовы заплываць са мной далёка-далёка ў мора, калі мы едзілі ў адпачынак. Дома захаваўся здымак, на якім сярод сініх хваляў дзве маленькія кропкі — тата і я.
Аляксандр Тамковіч нарадзіўся ў 1963 годзе ў Ашмянах. Скончыў журфак Львоўскага вышэйшага вайскова-палітычнага вучылішча. У 1987-1991 гадах быў карэспандэнтам газеты “Во славу Родины”. У 1991-м стаў намеснікам галоўнага рэдактара газеты “Свободные новости”. У 2001 стварыў і ўзначаліў газету “День”, якая праіснавала нядоўгі час. У 2006 годзе за нарыс у газеце “Новы Час” на Александра Тамковіча падаў у суд генерал-пісьменнік Мікалай Чаргінец. Сума позвы склала 100 мільёнаў беларускіх рублёў, што зрабіла Тамковіча самым “дарагім” журналістам за ўсю гісторыю Беларусі.
У 2002 годзе цяжка захварэў і атрымаў другую групу інваліднасці. З 2006-га пачаў пісаць кнігі на аснове сваіх інтэрв’ю. Выдаў амаль два дзясяткі зборнікаў. Лаўрэат прэміі імя Юрыя Захаранкі “З узнятым забралам”, літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча. Сябра БАЖ з 1997 года.
— Не памятаю, каб тата быў уключаны ў маё школьнае жыццё — у сэнсе рабіць разам урокі, хадзіць на бацькоўскія сходы… Але ягонае прозвішча і аўра апазіцыйнага бунтара прысутнічалі дакладна. Тата быў у віры сваёй кар’еры, напэўна, таму ягоная праца пакінула адбітак і на маіх успамінах. Ён быў для мяне ўзорам амбіцыі. Такой стыхійнай, жывой энергіяй. З самага дзяцінства я адчувала, што тата імкнецца рабіць нешта важнае — і вельмі хацела быць як ён. Руплівую, штодзённую працу мамы, яе паслядоўную працавітасць я ацаніла значна пазней.
— Як бацька працаваў? Якія эпізоды захаваліся ў памяці?
— Тата не любіў працаваць позна ўначы, аддаваў перавагу таму, каб устаць зацемна і дарабіць працу ранкам. Вось такую карцінку памятаю: тата піша на кухні ў нашай хрушчоўцы, каб не будзіць мяне і маму, на стале — ад рукі напісаныя аркушы. Звычайна кухня была каралеўствам мамы, але на гэтыя ранішнія, часам яшчэ цёмныя гадзіны яна рабілася яго месцам, мяняла характар.
— Праца таты прасякала ў нашую штодзённасць. З маленства вакол мяне круціліся розныя прозвішчы тагачасных палітыкаў, важных асобаў… Пэўна, менавіта таму, калі прыйшоў другі тур выбараў 1994-га, шасцігадовая я з гістэрыкай патрабавала ад бабулі, каб яна галасавала за Кебіча. Прозвішча неяк запала мне ў галаву як знаёмае. Паводле сямейнай легенды, я такі прымусіла бабулю паслухацца. Тата потым вельмі любіў узгадваць гэты эпізод. “Устами младенца”, — паўтараў ён.
— Я вельмі ганарылася татавай працай. Адчувала, што вакол яго важныя людзі ды падзеі. Адным з такіх людзей быў Міхаіл Пташук, якога тата, нягледзячы на шматгадовае сяброўства, заўсёды называў імем па бацьку. Тата неяк рабіў матэрыял са здымак ягонага фільма “Игра воображения” і ўзяў мяне на пляцоўку. Мне нават дастаўся маленечкі эпізод у фільме. Памятаю здымкі, акцёраў, увагу да мяне, якая была працягам увагі і павагі да таты. І тое адчуванне, што тата належыць да нейкага іншага, большага, істотнага свету.
— Памятаю і іншыя адчуванні. Калі знік Віктар Ганчар, я доўга не магла заснуць, чакала, калі тата вернецца дадому. Ніхто асабліва не тлумачыў мне, што адбылося, але дзеці разумеюць з размоваў дарослых значна больш, чым ім падаецца.
— Яшчэ адзін эпізод вельмі запомніўся. Мне гадоў дзесяць ці адзінаццаць. Тата пайшоў асвятляць нейкую акцыю. Мама была ў душы, як зазваніў тэлефон. Падымаю — тата. Пытаецца, ці магу паклікаць маму. Я адказваю, што мама мыецца. І тата просіць перадаць, што яго затрымалі, але каб не хваляваліся, маўляў, усё нармальна. І вось я грукаю да мамы і праз дзверы крычу: «Мама, тату ўзялі, але ты не хвалюйся!». Толькі магу ўявіць сабе яе эмоцыі. Памятаю і святкаванне вызвалення кагосьці з татавых сяброў. Ягоная праца была, думаю, самай важнай часткай ягонага жыцця — і пакідала адбітак на ўсім астатнім.
— Калі тата быў свабодны ад працы, як праходзіў ваш сумесны час? Можа нейкае сумесная хобі было?
— Два вялікія захапленні майго таты — грыбы ды рыбалка. Я, на жаль, не падзяляла ніводнага. Але мы абодва любілі чытаць, у тым ліку сучасную фантастыку. З нечаканых, але шчырых супольных замілаванняў — кніжкі пра Гары Потэра. Мы з татам прачыталі ўсе, а таксама паглядзелі ўсе фільмы. Потым тата сабраў поўную калекцыю стужак пра Гары Потэра на DVD. Я часам пераглядала іх ужо дарослая, прыязджаючы да бацькоў.
— Калі з’ехала на вучобу ў Варшаву, паляцела з бацькоўскага гнязда, як будаваліся адносіны з бацькам?
— Я моцна адчувала, што тата верыць у мяне, у маю здольнасць прыняць адпаведныя для сябе рашэнні. Ён усе мае рашэнні заўжды паважаў і падтрымліваў. Ужо на першым курсе, практычна адразу як з’ехала, я пачала працаваць у журналістыцы. Мне вельмі не хацелася, каб мяне ўспрымалі выключна як дачку Тамковіча, хацелася стацца кімсьці самой па сабе. На “Е-радыё” , дзе я тады працавала, нас прасілі выбраць сабе псеўданім. Я вырашыла выбраць прозвішча Нальшанская — бо менавіта такім быў першы журналісцкі псеўданім таты, ад гістарычнай назвы Ашмяншчыны, на якой нарадзіўся. Так я сталася Марай Нальшанскай — адначасова захаваўшы і схаваўшы тату ў прозвішчы. Пад гэтым псеўданімам прапрацавала ўсю маю журналісцкую кар’еру. Да прозвішча Тамковіч вярнулася ўжо ў кіно.
— У адным з інтэрв’ю вы казалі, што бацькі былі супраць, каб дачка пайшла ў журналістыку. А якой была рэакцыя на пераход у кіно?
— Супраць журналістыкі была, хутчэй, мама, ёй хацелася больш стабільнай ды прыбытковай прафесіі, але тату было прыемна, што я пайшла па ягоных слядах.
— Рашэнне ісці на рэжысуру было нечаканасцю для іх абодвух. Бацькам было цяжка ўявіць, што я сапраўды стану рэжысёрам, буду здымаць фільмы, асабліва з улікам таго, што я дзяўчына. Бацькі заўжды хочуць для дзяцей лепшай, лягчэйшай долі, а творчыя прафесіі не прыносяць спакойнага жыцця ды стабільнасці. Але нягледзячы на свае сумневы, яны дапамаглі мне рэалізаваць маё жаданне. Вельмі важным момантам для іх абодвух і для мяне быў дзень, калі яны змаглі пабачыць мае працы на вялікім экране ў мінскім кінатэатры. Гэты паказ нешта змяніў, значна больш, чым усе прэстыжныя замежныя фестывальныя паказы ды ўзнагароды, зрабіў маё рэжысёрства для бацькоў сапраўдным.
— Пасля падзей 2020 года жыццё многіх сем’яў беларусаў перавярнулася. Як тыя падзеі адбіліся на вашай сям’і?
— У маёй сям’і 2020 год стаўся годам, калі тата захварэў на кавід, гэта была восень 2020-га. Увесь 2021-ы ён змагаўся з сімптомамі, якія пачаткова дыягназаваліся як лонг-кавід, а ў выніку аказаліся тэрмінальнай стадыяй раку. Я вельмі цешуся, што вырашылася ўсё ж прыехаць, калі мы пачулі фінальны дыягназ і прагноз у некалькі тыдняў жыцця. Тады яшчэ можна было ехаць абыходнымі шляхамі праз Расію, а з пачаткам вайны гэтая магчымасць знікла.
— Мне вельмі цяжка прыняць, што я не змагла быць з татам у апошнія моманты, а потым — падчас пахавання. Нягледзячы на ўсе абставіны ды рацыянальныя аргументы, застаўся сорам, пачуццё нявыкананага абавязку.
— Як успрыняў тата, што вы ўзяліся рабіць небяспечнае ў сённяшняй Беларусі кіно. Маю на ўвазе фільм “У жывым эфіры” пра журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову.
— Я прыняла рашэнне, што здыму гэты фільм, разумеючы, што з гэтым крокам звязаныя пэўныя рызыкі ды наступствы. Але на той момант і не ўяўляла якога маштабу. Тады цяжка было ўявіць, што не змагу быць на пахаванні таты, не змагу быць з мамай, калі буду ёй найбольш патрэбнай. Аднак тата ганарыўся маім кіно, кожным фестывалем, кожнай перамогай ці праявай прызнання. Быў самым адданым фанам, калі можна так сказаць. Я вельмі шкадую, што ён не паспеў пабачыць поўнаметражны дэбют “Пад шэрым небам”.
— Дарослае асэнсаванне працы Аляксандра Тамковіча, напэўна, адрозніваецца ад дзіцячых і юнацкіх успрыманняў?
— Для мяне тата ніколі не існаваў асобна ад ягонага занятку. Ён заўжды быў журналістам. Я ганарылася ім як намеснікам галоўнага рэдактара “Свободных новостей”, як заснавальнікам газеты “День” — першай спробы стварыць незалежны штодзённік. Я адчувала, што ён на хвалі гісторыі, у эпіцэнтры падзей. Менавіта гэтая энергія, гэтае захапленне прыцягнула і мяне ў журналістыку.
— Кнігі таты, ягоная эвалюцыя ў пісьменніка, для мяне неадрыўна звязаныя з ягонай хваробай. Хваробай, якая, нягледзячы на ўсе спробы, так і не была дакладна дыягназаваная, а пры гэтым імгненна выбіла ў яго глебу з-пад ног. У росквіце сіл і амбіцый раптам страціць кантроль над целам, над мовай… Я толькі магу ўявіць, як страшна гэта было.
— Як ні дзіўна, у мяне засталося вельмі няшмат успамінаў з таго часу. Я памятаю роспачныя пошукі дыягназу ці лекаў, у якіх бацькі хапаліся за кожную саломінку, у тым ліку ўсялякага кшталту нетрадыцыйную медыцыну. Але не памятаю выразна маіх думак і адчуванняў тады, як прымала і праходзіла праз гэта. Як я даведалася потым, шмат чаго мне проста не казалі, бо некаторыя дыягназы давалі тату некалькі месяцаў, некалькі гадоў… Аднак я ўжо не была такая маленькая Падаецца, нібыта я баялася ўдумвацца і дапытвацца, бо трэба было стаць адзін на адзін з вельмі страшнымі наступствамі.
— Хвароба змяніла для таты ўсё — і ў ім было шмат жалю ды злосці на гэтую несправядлівасць (бо хвароба заўжды несправядлівая). Для яго вельмі важна было адчуваць сваю істотнасць і датычнасць. А хвароба забрала ў яго магчымасць бегчы ў першых шэрагах. Кнігі сталі для яго новым сэнсам, новай місіяй, новым напаўненнем — сталі перад усім пачаткам у новай рэчаіснасці, дзе ён да канца будзе жыць з хваробай. У даросласці таксама асэнсавалася, што мары татавай маладосці так і засталіся марамі. Краіна, якую тады спрабавала будаваць маладое пакаленне дэмакратаў, так і засталася Мрояй. Прынамсі, пакуль.