З 3 па 5 лістапада ў польскім горадзе Катавіцы пройдзе вялікі кніжны кірмаш, у якім упершыню ўдзельнічаюць беларускія выдавецтвы і аўтары. Беларускі стэнд будзе называцца “Вольная Беларсь”.
Уласна ў першы дзень кірмаша, у пятніцу 3 лістапада адбудзецца дзве беларускія сустрэчы:
16.00 — 17.00 Прэзентацыя серыі «Турэмная літаратура».
17.00 — 18.00 Дыскусія «Беларуская кніга: выклікі і перспектывы».
На пляцоўцы стэнду незалежныя беларускія выдавецтвы прадставяць свае выданні: арыгінальную сучасную беларускую літаратуру, гістарычныя кнігі, дзіцячую літаратуру, а таксама пераклады на беларускую мову сусветнай класікі і найноўшых бэстсэлераў. Удзельнічаюць выдавецтвы і выдавецкія ініцыятывы: ARCHE, Фундацыя Kamunikat.org, Gutenberg Publisher, выдвецтва “Янушкевіч”, Skarynyčy, Skaryna Press, Słowianka і Vesna.
На сустрэчу з чытачамі ў Катавіцы прыедзе шэраг аўтараў, сярод якіх: Уладзімір Някляеў, Саша Філіпенка, Наталля Русецкая, Валер Булгакаў, Вал Клемент, Генрых Кіршбаўм і старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай. Беларускі інстытут кнігі распачне кірмашовы блок Free Belarus прэзентацыяй кнігі “Алесь”, прысвечанай палітвязню, лаўрэату Нобелеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму і серыі кніг пра беларускіх палітвязняў. Далей у праграме, сярод іншага: дыскусія “Беларуская кніга: выклікі і перспектывы”, прэзентацыі новых выданняў і перакладаў польскіх аўтараў на беларускую мову.
Дакладны расклад на суботу і нядзелю падаем ніжэй.
4 лістапада (субота)
- 13.00-14.00 Прэзентацыя беларускіх перакладаў польскіх аўтараў Шчэпаня Твардаха «Кароль» і Дамінікі Словік «Зімоўка» (выдавецтва «Янушкевіч»)
- 14.00-15.00 Прэзентацыя кнігі вершаў Уладзіміра Някляева «Сам» (Галоўная Заля)
- 15.00-16.00 Прэзентацыя кнігі «Беларускі брыкалаж» нямецкага даследчыка Генрыха Кіршбаўма (выдавецтва «Vesna»)
- 16.00-17.00 Прэзентацыя кнігі «Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIIІ стагоддзя і да нашага часу» Алега Латышонка і Яўгена Мірановіча (выдавецтва ARCHE, прэзентуе Валер Булгакаў)
- 17.00-18.00 Творчая сустрэча з аўтарам Сашам Філіпенкам («Былы сын», «Ціхары», «Крэмулятар»)
5 лістапада (нядзеля)
- 13.00-14.00 Дыскусія «Ці мусім мы клапаціцца пра пераклады беларускіх кніг на іншыя мовы?» З удзелам выдаўца Валянціны Андрэевай (выдавецтва Gutenberg), аўтара Васіля Еўдакімава («Круглая Square»), перакладчыцы, паэткі Наталлі Русецкай.
- 14.00-15.00 Прэзентацыя новых кніг выдавецтва Gutenberg: «Круглая Square» Вала Клемэнта, «Хто жыве ў гаражы» Андрэя Скурко.
Месца правядзення: Katowice, plac Sławika i Antalla, 1.