У межах цыклу “Санаторый пад клепсідрай” адбудзецца анлайн-прэзентацыя казачнай аповесці Яна Бжэхвы “Акадэмія доктара Клякса”, якая нядаўна выйшла па-беларуску. Знаўца польскай літаратуры Андрэй Хадановіч і перакладчыца Алена Пятровіч паразважаюць над творчасцю пісьменніка.
“Акадэмія доктара Клякса” – бліскучы ўзор і адна з вяршыняў польскай дзіцячай літаратуры. З іншага боку, прачытаны ў кантэксце трагічнага часу напісання і біяграфіі аўтара, твор адсылае да шэрагу ўніверсальных “дарослых” праблемаў. Падчас сустрэчы мадэратар і перакладчыцца паспрабуюць адказаць на некалькі пытанняў
- Чаму менавіта Бжэхва – адзін з самых улюбёных і самых чытаных дзіцячых пісьменнікаў Польшчы?
- Колькі творчых іпастасяў у шматаблічнага літаратара?
- Хто прыдумаў псеўданім “Бжэхва” і што ён азначае?
- Які горад лічыцца “сталіцай польскай мовы” і чый помнік там стаіць?
- Якія “дарослыя” загадкі зашыфраваныя ў цыкле аповесцяў пра доктара Клякса?
- Як у аповесці адбіўся час Халакосту і чаму твор стаў данінай памяці Янушу Корчаку?
- Якія выклікі ставіць аповесць перад перакладчыкамі і як давала рады беларуская перакладчыца?
- Што і чаму змянілася ў беларускім тэксце?
Відэа мае з’явіцца ў падзеі і ў суполцы тут.
Ян Бжэхва (сапраўднае імя Ян Віктар Лесьмян, 1898–1966) – знакаміты польскі паэт, празаік, публіцыст-сатырык, перакладчык. Стрыечны брат паэта Баляслава Лесьмяна, які раскрытыкаваў ягоную раннюю “дарослую” лірыку, але горача падтрымаў дзіцячыя вершы. Паводле адукацыі юрыст, адзін з галоўных у Польшчы спецыялістаў у галіне аўтарскага права. Стваральнік геніяльных дзіцячых вершаў, выдадзеных у кніжках “Танцавала голка з ніткай” (1938), “Качка-дзівачка” (1939) ды інш., а таксама казачных аповесцяў “Акадэмія доктара Клякса” (1946), “Падарожжы доктара Клякса” (1961) і “Трыюмф доктара Клякса” (1965). Бжэхва перакладаў на польскую з расейскай.