Ельскі Аляксандр Карлавіч (псеўд. Bocian z nad Ptyczy, Litwin-obywatel, A. J.; 16.6.1834, маёнтак Дудзічы, цяпер Пухавіцкі р-н Мінскай вобл. — 10.9.1916, маёнтак Замосце, цяпер Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.). Пісьменнік, перакладчык, краязнаўца.
Належаў да каталіцкага роду Ельскіх (герба “Пелеш”), які адносіўся да сярэднезаможнай шляхты Вялікага Княства Літоўскага. Пачатковую адукацыю атрымаў у нямецкай гімназіі Лаздэна ва Усходняй Прусіі. Пазней закончыў Мінскую класічную гімназію (1852). Служыў у 1852—1856 гг. у расійскай арміі, браў удзел у Крымскай вайне (1853—1856). Пайшоў у адстаўку ў званні паручніка. Быў міравым суддзёй Ігуменскага павета (з 1861 г.), членам апякунскага савета мінскай рэальнай гімназіі (1882—1887 гг.). У 1864 г. у сваім маёнтку Замосце (Ігуменскі павет) з родавых архіваў і збораў каштоўнасцей і цікавостак стварыў прыватны літаратурна-краязнаўчы музей і бібліятэку. У 1880-я гг. супрацоўнічаў больш як у 20 перыядычных выданнях, з 1882 г. быў журналістам кансерватыўнага польскамоўнага санкт-пецярбургскага часопіса “Kraj”. У 1892 г. стаў правадзейным членам Гістарычнай камісіі і Камісіі гісторыі мастацтва філалагічнага аддзялення Акадэміі навук у Кракаве.
Пахаваны ва ўрочышчы Кобань, сямейным пахаванні Ельскіх у в. Дудзічы, Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. З цягам часу магільная пліта пераносілася і цяпер месца пахавання вядома толькі прыблізна.
Дэбютаваў у друку ў 1860 г. у газеце “Виленский вестник”. Пісаў на беларускай, рускай і польскай мовах. Аўтар артыкулаў “Заўвагі аб сялянскім пытанні” (1884), “Пра беларускую гаворку” (1885), “З беларускай літаратуры” (1889), “Да пытання аб храналогіі беларускай літаратуры” (1889), “Аб беларускай этнаграфіі” (1889), “„Марыя“ Мальчэўскага ў перакладах маларускім і беларускім” (1889), “Слоўца аб старым Заслаўі”, “Нататкі аб падарожжы па Мінскай губерні”, “Адам Міцкевіч на Беларусі”, “Слоўца аб матэрыялах, якія служаць для даследавання беларускай гаворкі, этнаграфіі і літаратуры” (1892), “Гістарычныя звесткі пра радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку” (1893), “Гістарычныя звесткі пра фабрыку шкла і аздобных люстэрак ва Урэччы Радзівілаўскім на Літве” (1899) і інш. З 1890-х гг. напісаў звыш 10 тыс. гістарычна-краязнаўчых артыкулаў пра Беларусь для “Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін” (1880—1902) і “Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі”, у тым ліку артыкулы “Беларусь”, “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура і бібліяграфія”. Аўтар даследаванняў на польскай мове “Uwagi w kwestyi włościjan, a mianowicie: jak było u nas i gdzieindziéj” (Варшава, 1984), “Нарыс развіцця краёвай гаспадаркі ў супастаўленні са звычаямі народа ад першабытных часоў да апошняга часу” у 2 т. (Кракаў, 1893—1897) і “Замалёўкі звычаяў шляхты ў супастаўленні з эканомікай і лёсам народа ў Польшчы і Літве” у 2 т. (Кракаў, 1890-ыя гг.), вершаваных і празаічных брашур на беларускай мове “Сынок” (Санкт-Пецярбург, 1895), “Выбіраймася ў прочкі” (Санкт-Пецярбург і Віцебск, 1896), “Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п’яніцы” (Санкт-Пецярбург, 1900), “Гутарка аб тым, якая мае быць „Зямля і Воля“ сельскаму народу. Праўдзівы абразок, жыўцом зняты з цяперашняга жыцця вёскі на Белай Русі, даўняй Крывічызне” (Вільня, 1906). Укладальнік беларускамоўнага зборніка “100 прымавак, загадак, прыдумак і гавендаў для пажытку беларускага (крывіцкага) народа” (Вільня, 1908). Пераклаў на беларускую мову першую частку паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” (Львоў, 1892), работу польскага эканаміста Ю. Супінскага “Сем вечароў”, на рускую мову даследаванні польскага філосафа Ю. Ахаровіча “Каханне, злачынства і мараль” (1876), “Пра асноўныя супярэчнасці ў нашых ведах пра сусвет” (1877).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 43), а таксама ў розных архівах і бібліятэках Варшавы, Кракава, Вільні.