27 і 28 кастрычніка ў Studio Я у берлінскім Maxim Gorki Theater пройдуць тэатральныя чыткі дэбютнай п’есы паэткі і перакладчыцы Юлі Цімафеевай. Беларуская п’еса будзе прэзентавана разам з яшчэ дзвюма — Катэрыны Пэньковай “Барбажиньці цибулевої масті” і Тані Шлійвар “Нацыянальны тэатр”.
Мова паказу — нямецкая з ангельскімі субтытрамі. На нямецкую мову п’есу Юлі Цімафеевай “Экстрымісты” пераклала Ціна Вюншман.
“Цягам гэтага года разам з аўтарамі і аўтаркамі з Грузіі, Малдовы, Сербіі, Харватыі і Украіны я ўдзельнічала ў тэатральным праекце пад назвай “While History Writes Itself”. У выніку — упершыню ў жыцці я напісала п’есу, пра тое, што баліць мне, пра тое, што баліць многім беларусам”, — апавядае ў фэйсбуку беларуская аўтарка.
П’еса “Экстрэмісты” гэта палітычна-паэтычны тэкст пра тых, чые адзіная зброя і адзінае злачынства гэта голас, — пра беларускіх палітвязняў.