Гомелец Сяргей Козыраў ініцыяваў збор сродкаў на пераклад і выданне класікі гатычнага раману “Дракула” Брэма Стокера, які стаў асновай для стварэння цэлага шэрагу твораў культуры ў ХХ ст.
“Варыянты перакладаў на рускую мову скарочаныя (скарочана амаль на 30% ад тэкста арыгінала). Да таго ж, яны зазналі цэнзуру. Наш пераклад поўны, захоўваюцца намёкі на блізкія зносіны паміж дзяўчынамі, эратызм. Мы пастараліся перадаць тое, што Ван Хельсінг — не носьбіт ангельскай мовы. Іншымі словамі, чытачы ўпершыню зможа прачытаць поўную версію «Дракулы» на роднай мове…”, — апавядае Сяргей Козыраў. Падтрымаць выданне кнігі можна на кікстартары.
Аднак, варта зазначыць, што ўжо існуе пераклад раману на беларускую мову, які зрабіў Алесь Асташонак. Публікаваўся “Дракула” ў 1992-1993 гадах у часопісе “Крыніца”.
Сяргей Козыраў — мэнэджар з Гомеля, які на добраахвотнай аснове займаецца папулярызацыяй беларускай мовы праз коміксы. За апошнія 10 год ён пераклаў на беларускую мову і выклаў для агульнага карыстання больш за 400 вядомых коміксаў.