Душэўская Ганна Сцяпанаўна (13.12.1893, Глыбокае, цяпер Віцебская вобл. — пасля 1940 г.). Паэтка, мовазнаўца, арганізатарка беларускага жыцця ў Коўне.
Нарадзілася ў сям’і збяднелага шляхціца, будаўніка паводле прафесіі. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Вільні ў мясцовай жаночай гімназіі. У 1917 г. паступіла на гістарычна-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, паспела закончыць два курсы. Вярнулася ў Вільню, актыўна ўдзельнічала ў беларускім нацыянальным руху, была сябрам Беларускага таварыства помачы пацярпелым ад вайны, Беларускага настаўніцкага саюза, выкладала польскую мову ў Віленскай беларускай гімназіі. З 1919 г. удзельнічала ў спектаклях Віленскай беларускай драматычнай дружыны, грала вядучыя ролі ў п’есах Францішка Аляхновіча і Уладзіслава Галубка. У 1921—1925 гг. жыла ў Берліне (Германія), дзе паступіла ў Берлінскую кансерваторыю ў клас вакалу. Набыўшы прафесійную музычную адукацыю, хацела вярнуцца ў Вільню і арганізаваць там беларускі хор, але не атрымала дазволу ад польскіх уладаў. Няздзейсненай засталася і спроба стварыць такі хор у Менску. У 1925—1927 гг. жыла ў Таліне ў сястры Ядвігі, потым — зноў у Коўне, працавала настаўніцай музыкі.
Дакладная дата смерці і месца пахавання невядомыя. Пісала вершы, публікавалася ў газетах “Гоман”, “Наша думка” (Вільня), “Голас беларуса” (Рыга). Укладальніца унікальнага нямецка-польска-расійска-беларуска-літоўска-латышска-яўрэйскага “Сямімоўнага слоўніка” (Лейпцыг, 1918). Перакладала з польскай, рускай і нямецкай моў на беларускую оперы і песні.