Глазырын Уладзімір Мікалаевіч (6.6.1901, Гарадзішчанскі р-н Чаркаскай вобл., Украіна — 10.5.1961, Масква). Празаік, драматург. Сябра СП з 1934 г.
Нарадзіўся ў сям’і рабочага. Пасля вучобы ў рэальным вучылішчы працаваў рабочым на чыгунцы. У 1918 г. пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію, удзельнічаў у баях з войскамі Калчака і польскімі легіёнамі. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Жыў і працаваў у Мінску і Маскве, у Польшчы. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 г.
Пахаваны ў Маскве.
Літаратурнай працай пачаў займацца ў 1934 г. Пісаў на рускай мове. Аўтар кнігі апавяданняў для дзяцей “В детстве” (Минск, 1939), п’есы “Взрыв” (Москва, 1940). У перыёдыцы апублікаваў урыўкі з п’ес “Фронт” (1934-1935), “Огонь” (1935), “Юрий Резлер” (1936). У перакладзе на беларускую мову выйшлі драма “Фронт” (1935), “Апавяданні” (1938), аповесць для дзяцей “Коля Гузоўскі” (1936) і апавяданне “Маленькі разведчык” (1938). На рускую мову пераклаў апавяданні М.Лынькова.