У 2014 годзе ісландскі паэт Адальстэйн А. Сігюрдсан быў госцем Міжнароднага паэтычнага фестывалю імені Міхася Стральцова “Вершы на асфальце”. Вынікам візіту зрабілася гэтая кніга ў перакладзе Марыі Пушкінай.
У зборніку — выбраныя творы з кніг “Вершы зямлі” (1985), “Вершы мроі” (1992), “Цвярдыня сэрца” (2007), “Дамы не бываюць самотныя” (2011), “Аўтапартрэты” (2012), “Летняя поўня” (2016). “Дэма-версія” гэтага выдання ўбачыла свет у 2015 годзе ў выдавецтве “Крок” (Тэрнопаль). У гэтым выданні яе дапаўняюць найноўшыя пераклады, а таксама, у якасці паслямовы, – эсэ полацкага этнографа і паэта Уладзіміра Лобача, якое на ўзроўні знакаў збліжае Беларусь і Ісландыю.
Кніга адрасуецца аматарам паэзіі, зацікаўленым у паэтычных ландшафтах свету. Яна распачынае паэтычную серыю “Вершы на асфальце”, у якой стваральнікі мяркуюць раскрываць чытачам далёкія і блізкія краіны праз прызму паэзіі.
Кніга вышла лімітаваным накладам, але затое ў двух варыянтах вокладкі, якія з’яўляюцца негатывам адна адной.
Набыць кнігу можна офлайн у Мінску і онлайн з дастаўкай па Беларусі і за межамі ў ГЦ “Купалаўскі”, крама 42 / https://kniger.by/, у кнігарні “Логвінаў” (вул. Сухая, 4 / https://lohvinau.by, а таксама ў мінскай “Акадэмкнізе” (пр. Незалежнасці, 72).