Васілеўскі Іосіф Іосіфавіч (8.12.1911, г. Данецк, цяпер Украіна — 20.4.1994). Паэт, перакладчык. Сябра СП з 1957 г.
Нарадзіўся ў сям’і рабочага. Закончыў аршанскія педагагічныя курсы (1930), тэатральна-драматычныя курсы ў Мінску (1932). Працаваў акцёрам Віцебскага тэатра драмы, супрацоўнікам газеты “Ленінскі прызыў” у Оршы, акцёрам-байцом тэатра Беларускай ваеннай акругі, акцёрам тэатраў у Смаленску, Жытоміры, Бранску, Днепрадзяржынску, Ленінагорску, Усць-Каменагорску, Разані, Іжэўску, Калузе. З 1967 г. жыў у Мінску. Узнагароджаны медалямі СССР, Ганаровай граматай Прэзідыума ВС БССР.
Пахаваны ў Івангорадзе, Ленінградскай вобласці, РФ.
Першыя вершы былі надрукаваны на беларускай мове ў 1931 г. (часопіс “Маладняк”). З 1935 г. пісаў на рускай мове. Аўтар кніг паэзіі “В добрый час” (Смоленск, 1954), “Родное раздолье” (Смоленск, 1956), “Новь” (Смоленск, 1959), “Авось да небось” (Смоленск, 1960), “Лирика” (Смоленск, 1961), “Нас попробуй обгони” (Смоленск, 1963), “День за днем” (Москва, 1963), “Свершение” (Москва, 1966), “Пальмы и сосны” (Минск, 1969), “Мой спутник солнце” (Минск, 1971), “Чибис” (Москва, 1973), “Зимнее солнце” (Москва, 1979), “Продолжение” (Минск, 1981), “Призадумалась река” (Москва, 1982), “Река времени” (Минск, 1989), зборнікаў вершаў для дзяцей “Птичья тревога” (Минск, 1968), “Диковины” (Минск, 1972), “Веселый поезд” (Минск, 1977), “Безымянные острова” (Минск, 1984), “Снежные лебеди” (Минск, 1987). Пераклаў на рускую мову творы многіх беларускіх паэтаў, у тым ліку Я. Купалы, Я. Коласа, П. Броўкі, М. Танка, А. Куляшова, П. Панчанкі і іншых.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 413).