Валасевіч Эдуард Станіслававіч (12.3.1918, Магілёў — 2.9.1997, Мінск). Паэт, драматург, перакладчык. Сябра СП з 1950 г.
Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка. Спачатку вучыўся ў чыгуначнай сямігодцы. У 1935—1936 гадах працаваў грузчыкам на чыгунцы. Скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут (1941). З 1941 г. у Чырвонай Арміі. Быў цяжка паранены ў 1943 г. З 1944 г. выкладаў фальклор і рускую літаратуру ў Магілёўскім педінстытуце. Працаваў у абласной газеце “За Радзіму” (Магілёў). У 1952 г. пераехаў у Мінск. Працаваў у часопісах “Полымя”, “Вожык”, у Белдзяржфілармоніі. У 1970—1974 гг. дырэктар Беларускага аддзялення Усесаюзнага ўпраўлення па ахове аўтарскіх праў СП СССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1950 г.
Пахаваны ў Мінску.
Дэбютаваў у друку ў 1938 г. Аўтар зборнікаў баек “Вершы і байкі” (Мінск, 1954), “Залатая рыбка” (Мінск, 1957), “Як дбаеш — так і маеш” (Мінск, 1958), “Арліны суд” (Мінск, 1959), “Байкі” (Мінск, 1960), “Соль” (Мінск, 1962), “На вясёлай хвалі” (Мінск, 1967), “Казёл адпушчэння” (Мінск,1968), “Туды і рак з кляшнёй…” (Мінск, 1970), “Сур’ёзна і з усмешкай” (Мінск, 1973), “Полюсы” (Мінск, 1977), “Рагаты анёл” (Мінск, 1978), “Кругавая парука” (Мінск, 1979), “Бегемот і іншыя” (Мінск, 1982), “Спех — курам на смех” (Мінск, 1982), “Смех — не грех” (Москва, 1983), “Лірыка і сатыра: выбранае” (Мінск, 1988). Пісаў гумарыстычныя вершы, басні і казкі для дзяцей (зборнікі “Камар-званар” (Мінск, 1959), “Дняпроўскі чарадзей” (Мінск, 1963, 1988), “Горкі мёд” (Мінск, 1967) ды інш.), аднактавыя камедыі, скетчы, эпіграмы і пародыі. Перакладаў з рускай мовы творы І. Батрака, з украінскай М. Старыцкага.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 178).