Бяспалы Змітро Аляксандравіч (28.08.1934, в. Вялікі Бор, Хойніцкі р-н Гомельскай вобл. — 1999, Мінск). Празаік. Сябра СП з 1974 г.
Закончыў Рэчыцкі землеўпарадчы тэхнікум (1956). Працаваў землеўпарадчыкам у Гродзенскай вобласці. Служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі (1958) паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў у 1963 г.). Адначасова працаваў у часопісе “Вожык” супрацоўнікам, намеснікам рэдактара аддзела фельетонаў. З 1972 г. адказны сакратар інфармацыйна-метадычнага бюлетэня “Родная прырода”, а з 1977 г. — пасля рэарганізацыі бюлетэня ў часопіс — яго галоўны рэдактар. Сябра СП СССР з 1974 г.
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Першае гумарыстычнае апавяданне было надрукавана ў 1963 г. Пісаў на беларускай і рускай мовах. Выдаў зборнікі гумарыстычных апавяданняў “Сякера пад лаваю” (Мінск, 1970), “Ад варот паварот” (Мінск, 1977). Для дзяцей напісаў кнігі аб прыродзе Беларусі “Лясныя хітруны” (Мінск, 1969; дапоўненае выданне ў 1986), “У лясной каморы” (Мінск, 1972), “Мядзведзеў пачастунак” (Мінск, 1976), “Страшны звер” (Мінск, 1978), “Дзіўны птах” (Мінск, 1981), “Казкі Сіняга лесу” (Мінск, 1983), “С полным лукошком: Записки грибника” (Минск, 1985), “Звери Беловежской пущи” (Минск, 1987), “Птицы Беловежской пущи” (Минск, 1988). Склаў зборнік “Беларускія народныя жарты” (Мінск, 1970), адзін з аўтараў фотаальбома “Пакланіся прыродзе” (Мінск, 1984).