Бураўкін Генадзь Мікалаевіч (28.8.1936, в. Шуляціна, Расонскі р-н Віцебскай вобл. — 30.5.2014, Мінск). Паэт, дзяржаўны дзеяч. Сябра СП з 1961 г.
Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959). Працаваў стыльрэдактарам часопіса “Коммунист Белоруссии”, старшым рэдактарам на Беларускім радыё, загадчыкам аддзела літаратуры, намеснікам галоўнага рэдактара газеты “Літаратура і мастацтва”. У 1968—1972 гг. карэспандэнт “Правды” па Беларускай ССР, у 1972—1978 гг. галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”. З 1978 г. старшыня Дзяржаўнага камітэта Беларускай ССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. З 1990 г. пастаянны прадстаўнік Беларускай ССР пры ААН. У складзе дэлегацыі БССР у 1976 г. удзельнічаў у рабоце XXXI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1980—1990). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1961 г. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалямі.
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Першыя вершы надрукаваў у 1952 г. Аўтар зборнікаў паэзіі “Майская просінь” (Мінск, 1960), “З любоўю і нянавісцю зямною” (Мінск, 1963), “Голоса расстояний“ (Москва, 1964), “Дыханне” (Мінск, 1966), “Выбраныя вершы” (Мінск, 1969), “Жніво” (Мінск, 1971), “Жаворонок над простектом” (Москва, 1972), “Выток” (Мінск, 1974), “Вершы пяці кніг” (Мінск, 1976), “Варта вернасці” (Мінск, 1978; па-ўкраінску, Киів, 1984), “Кровное” (Москва, 1980), “Верю полдню” (Москва, 1981), “Пяшчота” (Мінск, 1985), “Гняздо для птушкі радасці” (Мінск, 1986), “Узмах крыла”(Мінск, 1995), “Конь незацугляны” (Мінск, 1996), “Паміж зоркай і свечкай” (Мінск, 2000), “Чытаю тайнапіс вачэй…” (Мінск, 2001), “Жураўліная пара” (Мінск, 2004), “Лісты да запатрабавання” (Мінск, 2010), “Нагаварыцца з зоркамі” (Мінск, 2014), “Ніці лёсу” (Мінск, 2018), “Мой боль і запавет” (Мінск, 2021), а таксама кніжак для дзяцей “Тры казкі пра Зая” (Мінск, 1974), “Сінія арэлі” (Мінск, 1987; па-руску, Москва, 1987). Многія вершы пакладзены беларускімі кампазітарамі на музыку. У 1986 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у1998 г. “Выбранае, 1955—1995”, у 2009 г. Выбраныя творы ў серыі “Беларускі кнігазбор”. Напісаў кнігу прозы “Тры старонкі з легенды” (Мінск, 1971; па-руску, Москва, 1968, 1983). Адзін з аўтараў (з У.Халіпам, Ф.Коневым) сцэнарыя двухсерыйнага фільма “Полымя” (1974), аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў “Апаленая памяць” (1975) і “Падарожжа па Беларусі” (1976). Перакладаў з рускай, украінскай, малдаўскай, балгарскай і іншых моў. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1972) і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 520).