Будовіч (Барадуля) Таццяна Васільеўна (нар. 12.1.1977, Мінск). Паэтка, літаратурны крытык. Уваходзіла ў сябры СБП.
Скончыла Інстытут сучасных ведаў па спецыяльнасці “фінансы і крэдыт” (1998), а таксама завочна гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2005). Працавала ў філіяле музея Максіма Багдановіча “Беларуская хатка”, Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, Дзяржаўным літаратурным музеі імя Максіма Багдановіча, газеце “Літаратура і мастацтва”.
Першыя вершы з’явіліся ў 1995 г. у часопісе “Першацвет”. Пазней друкаваліся ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Бярозка”, газэтах “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”, “Наша ніва” і інш. У 2002 г. выйшла кніга паэзіі “Дуэль паглядаў”. Літаратурна-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі неаднаразова друкаваліся ў газеце “Новы Час” (дадатак “Літаратурная Беларусь”). Піша пародыі пад псеўданімам Тадора Шпілька.