Броўка Пятрусь Усцінавіч (12(25).6.1905, в. Пуцілкавічы, цяпер Ушацкі р-н Віцебскай вобл. — 24.3.1980, Мінск). Паэт, дзяржаўны дзеяч. Сябра СП з 1934 г.
Працоўны шлях пачаў у 1918 г. з перапісчыка ў Вяліка-Долецкім валасным камісарыяце. Быў справаводам валвыканкама, рахункаводам у саўгасе, старшынёй сельсавета, загадчыкам аддзела ў Полацкім акруговым камітэце камсамола. У 1927—1928 гг. адказны сакратар акруговай газеты “Чырвоная Полаччына”. У 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, ў 1940 г. прызначаны галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны добраахвотна пайшоў у Савецкую Армію. Быў інструктарам-літаратарам франтавой газеты “За Савецкую Беларусь”, супрацоўнічаў у партызанскім друку. З 1943 г. адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а з 1945 г. зноў галоўны рэдактар часопіса “Полымя”. У 1948 г. абраны старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1959 г. як дэлегат ад БССР удзельнічаў у рабоце XIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1967—1980 гг. галоўны рэдактар Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР, сакратаром праўлення СП СССР. Акадэмік АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г. Герой Сацыялістычнай Працы (1972). Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў, «Знак Пашаны» і многімі медалямі. Народны паэт БССР (1962), заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1975). Ганаровы грамадзянін г. Менска (1980).
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Друкавацца пачаў у 1926 г. у газеце “Чырвоная Полаччына”. Аўтар кніжак паэзіі “Гады як шторм” (Мінск, 1930), “Прамова фактамі” (Мінск, 1930), “Цэхавыя будні” (Мінск, 1931), “Паэзія” (Мінск, 1932), “Так пачыналася маладосць” (Мінск, 1934), “Прыход героя” (Мінск, 1935), “Вясна радзімы” (Мінск, 1937), “Кацярына” (Мінск, 1938), “Вершы і паэмы” (Мінск, 1940), “Шляхамі баравымі” (Мінск,1940), “Насустрач сонцу” (Масква, 1943), “У роднай хаце” (Мінск, 1946), “Вершы і паэмы” (Мінск, 1946), “Сонечнымі днямі” (Мінск, 1950), “Цвёрдымі крокамі” (Мінск, 1954), “Пахне чабор” (Мінск, 1959), “Далёка ад дому” (Мінск, 1960), “Па сакрэту” (Мінск, 1961), ”А дні ідуць” (Мінск, 1961), “Высокія хвалі” (Мінск, 1962), “Вершы і паэмы” (Мінск, 1966), “Заўсёды з Леніным” (Мінск, 1967), “Між чырвоных рабін” (Мінск, 1969), “Калі ласка” (Мінск, 1972), “Ты — мая пчолка” (Мінск, 1972), “Лясы наддзвінскія” (Мінск, 1973), “І ўдзень і ўночы” (Мінск, 1974), “Што сэрца праспявала” (Мінск, 1979), “Маладосць і сталасць” (Мінск, 1980), “Савецкі чалавек” (Мінск, 1982), “Мая Радзіма” (1985) і інш. Для дзяцей выдаў кніжкі паэзіі “Маладым сябрам” (Мінск, 1961), “Наш музей” (Мінск, 1962), аповесць “Донька-Даніэль” (Мінск, 1982). Неаднаразова выдаваліся кнігі Выбраных твораў (1934, 1945, 1947, 1948, 1951), выходзілі Зборы твораў у 2-х (1957, 1969), у 4-х (1965—1966), у 7-мі (1975—1978), у 9 тамах (1987—1992). Выдаў аповесць “Каландры” (Мінск, 1931, экранізавана ў 1934), нарысы “Ураджай” (з П.Глебкам, Мінск, 1933), “Месяц у Чэхаславакіі” (Мінск, 1952), раман “Калі зліваюцца рэкі” (Мінск, 1957), зборнік апавяданняў “Разам з камісарам” (Мінск, 1974). Напісаў лібрэта опер “Міхась Падгорны” (1940, пастаўлена ў 1939), “Алеся” (“Дзяўчына з Палесся”, з Я.Рамановічам, пастаўлена ў 1944, урыўкі апублікаваны ў 1947). Выступаў і як перакладчык на беларускую мову твораў Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, П.Тычыны, М.Бажана, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф’ева, У.Бранеўскага, Дж.Байрана і іншых паэтаў.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1947), Дзяржаўнай прэміі СССР (1951), Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1959), Ленінскай прэміі (1962), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1970), Дзяржаўнай прэміі БССР (1976).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Дзяржаўным літаратурным музеі П. Броўкі.