Белямук Міхась (15.03.1924, в. Голя, цяпер в. Пагранічная Камянецкі р-н Брэсцкай вобл. — 31.10.2014, Кліўленд, Агаё, ЗША). Грамадскі дзеяч у ЗША, выдавец, гісторык, мемуарыст.
Вучыўся ў Высока-Літоўску (цяпер Высокае). У часе нямецкай акупацыі служыў у Беластоцкім батальёне самааховы. Разам з батальёнам трапіў у Нарвегію, дзе здаўся саюзнікам. Некаторы час жыў у беларускіх лагерах DP у амерыканскай зоне Нямеччыны. У 1949 г. выехаў у ЗША. Пасяліўся ў Кліўлендзе (штат Агаё) і актыўна займаўся арганізацыяй прыезду беларусаў з Нямеччыны ў гэты горад. Вучыўся на гістарычным факультэце ўнівесітэта ў Каламбусе (штат Агаё). Быў адным з арганізатараў беларускага жыцця ў Кліўлендзе, стваральнікаў мясцовага аддзела Беларуска-Амерыканскага задзіночання (БАЗА). Ад 1954 быў старшынёй Згуртавання беларускай моладзі ў Кліўлендзе. У 1958 г. выйшаў з БАЗА. Ад 1991 г. — ініцыятар і выдавец гістарычнага часопіса “Полацак”. Ад 1993 г. — ганаровы сябра Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі.
Пахаваны на беларускай частцы Riverside Cemetery ў Кліўлендзе.
Аўтар шэрагу публікацый, у тым ліку на гістарычныя тэмы, выдання “Вытокі беларускіх пячаткаў” (Кліўленд, 1986), успамінаў “Свайго лёсу не мінеш (Вільня, 2006) і “Нумізматыка. Сфрагістыка. Успаміны” (Мінск, 2010).