Байкоў Мікола (Мікалай) Якаўлевіч (10(22).2.1889, Бежацк, цяпер Цвярская вобл. Расіі — 23.6.1945, Мінск). Літаратуразнаўца, лінгвіст.
Скончыў Бежацкае духоўнае вучылішча (1903), Маскоўскую духоўную акадэмію (1913). Кандыдат багаслоўя (1913). Выкладаў філасофскія і педагагічныя дысцыпліны ў Мінскай духоўнай семінарыі, гімназіі і прыватных навучальных установах. З 1918 г. чытаў лекцыі ў Мінскім настаўніцкім інстытуце і на Мінскіх беларускіх настаўніцкіх курсах. З 1921 г. выкладаў у Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме. Быў вучоным сакратаром Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамата асветы БССР. У 1922—1928 гг. працаваў у Слоўнікавай камісіі Інбелкульту, потым Беларускай акадэміі навук. У 1930 г. быў арыштаваны па абвінавачанні ў прыналежнасці да Саюзу выхвалення Беларусі, але вызвалены, хоць на акадэмічную працу вярнуцца не змог. У часе нямецкая акупацыі працаваў Выдавецтве школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Мінску. Улетку 1944 г. выехаў у Германію. Працаваў у прапагандысцкім бюро “Вінета”. Арыштаваны савецкай ваеннай контрразведкай “Смерш” у Берліне і перавезены ў Мінск.
Памёр у мінскай турме, паводле адной з версій. Месца пахавання невядомае.
Аўтар прац па літаратуразнаўстве, крытыцы, педагогіцы, укладальнік слоўнікаў “Практычны расійска-беларускі слоўнік (разам з М. Гарэцкім, Мінск, 1924), “Беларуска-рускі слоўнік”(Мінск, 1925), “Расійска-беларускі слоўнік” (разам са С. Некрашэвічам, Мінск, 1928), “Практычны беларускі вайсковы слоўнік” (разам з А. Бараноўскім, Мінск, 1927). Пісаў пра творчасць Я. Купалы, Я. Коласа і інш.