Бабарэка Адам Антонавіч (2(14).10.1899, в. Слабада-Кучынка, цяпер Капыльскі р-н Мінскай вобл. — 10.10.1938). Крытык, літаратуразнаўца.
Скончыў Менскую духоўную семінарыю (1918). Настаўнічаў у школах Случчыны. У час польскай ваеннай інтэрвенцыі ўдзельнічаў у камуністычным падполлі і партызанскім руху, быў арыштаваны польскімі ўладамі (1920). Пасля вызвалення працаваў настаўнікам, быў сябрам рэўкома Пукаўскай воласці і загадваў валасным аддзелам народнай асветы. У 1921—1922 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Скончыў этнолага-лінгвістычнае аддзяленне педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1927). Адначасова з вучобай працаваў у рэдакцыі газеты “Савецкая Беларусь”, настаўнічаў. Адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання “Маладняк” (1923). Пасля ўтварэння “Узвышша” (1926) — сакратар аб’яднання. У 1926—1929 гг. працаваў у Камуністычным універсітэце Беларусі выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, а з 1928 г. асістэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ. Супрацоўнічаў у Інстытуце беларускай культуры. У 1930 г. у Мінску арыштаваны па справе Саюза вызвалення Беларусі. Год знаходзіўся ў турме. З 1931 г. жыў у ссылцы ў гарадскім пасёлку Слабадское (Вяцкай вобласці Расіі), з канца 1934 г. — у Вятцы (цяпер г. Кіраў), працаваў бухгалтарам. У ліпені 1937 г. зноў быў арыштаваны і засуджаны тройкай НКУС на 10 гадоў выпраўленча-працоўнага лагера. За першую справу рэабілітаваны ў 1957 г. Вярхоўным судом БССР, за другую — у 1959 г. Кіраўскім абласным судом.
Памёр 10.10.1938 г. у лагернай бальніцы ў Паўночным чыгуначным лагеры НКУС (Комі АССР). Месца пахавання невядомае.
Дэбютаваў у 1920 г. вершамі і апавяданнямі ў газеце “Савецкая Беларусь”. У 1925 г. выдаў кнігу “Апавяданні” (Менск). Распрацоўваў пытанні літаратуразнаўства і эстэтыкі, даследаваў літаратурны працэс (артыкулы змяшчаліся ў часопісах “Маладняк”, “Узвышша”, “Чырвоны сейбіт”, “Радавая рунь” і інш.). Шэраг прац прысвечаны творчасці Я.Коласа, М.Багдановіча, У.Дубоўкі, М.Чарота, З.Бядулі і іншых беларускіх пісьменнікаў. У 2011 г. выйшаў Збор твораў у двух тамах (Вільня—Беласток).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 407).