Атрашкевіч Валерый Іосіфавіч (22.4.1939, в. Красная Горка, Угацкі р-н Віцебскай вобл. — 26.1.1990, Магілёў). Літаратуразнаўца.
У часе Вялікай Айчыннай вайны разам з бацькамі знаходзіўся ў партызанскім атрадзе. Скончыў Ушацкую сярэднюю школу (1956), працаваў ва Ушацкім раённым Доме культуры, бібліятэкарам Ушацкай дзіцячай бібліятэкі, загадчыкам Наваміраўскай хаты-чытальні. У 1957 г. паступіў на філалагічны факультэт Полацкага педінстытута, у 1959 г. у сувязі з яго расфарміраваннем пераведзены ў Магілёўскі педінстытут, які скончыў у 1962 г. У 1962—1968 гг. працаваў асістэнтам, выкладчыкам кафедры беларускай мовы гэтага інстытута. У 1968 г. перайшоў на кафедру беларускай літаратуры, а з 1979 г. быў загадчыкам кафедры літаратуры. Кандыдат філалагічных навук (1979).
Памёр у Магілёве.
Літаратурную дзейнасць пачаў з вершаў. Першы з іх быў апублікаваны ў газеце “Знамя юности” ў 1958 г. Аўтар навуковых прац па гісторыі беларускай літаратуры і тэксталогіі, манаграфіі “Ад прататыпа да вобраза: праблема аўтабіяграфізму ў беларускай прозе 20-х гадоў” (Мінск, 1984), артыкулаў і рэцэнзій.