Астрэйка Анатоль (Акім) Пятровіч (11(24).7.1911, в. Пясочнае, цяпер Капыльскі р-н Мінскай вобл. — 23.8.1978, Мінск). Паэт, перакладчык.
Скончыў двухгадовыя настаўніцкія курсы пры Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме (1930). У 1932—1934 гг. вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута. З 1930 г. працаваў у газетах Полацка, Воршы, Горак, Мінска. У час Вялікай Айчыннай вайны быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Двойчы (1942, 1943) накіроўваўся на акупаваную тэрыторыю Беларусі. У 1946—1948 гг. старшыня Гродзенскага аддзялення СП БССР. У 1948—1953 гг. працаваў адказным сакратаром часопіса “Вожык”. Сябра СП СССР з 1939 г. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, “Знак Пашаны” і медалямі.
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Вершы пачаў друкаваць у 1929 г. Першы зборнік вершаў “Слава жыццю” выдадзены ў Мінску ў 1940 г. Рукапіс другога зборніка — “Квецень” — згарэў у час вайны ў Мінску. У 1943 г. друкарня слуцкай падпольнай газеты “Народны мсцівец” выпусціла зборнік “Слуцкі пояс”. У пасляваенныя гады выйшлі кнігі паэзіі “Крамлёўскія зоры” (Мінск, 1945), “Добры дзень” (Мінск, 1948), “Зямля мая” (Мінск, 1952), “Песня дружбы” (Мінск, 1956), “Бацька мой Нёман” (Мінск, 1961), “Сэрца насцеж” (Мінск, 1965), “Цвіціце, верасы” (Мінск, 1975), “Зямная Случчына” (Мінск, 1977), “Ураджай цяпла” (Мінск, 1978), “Памяць дарог” (Мінск, 1980), а таксама вершаваная казка “Елка” (Мінск, 1949) і паэма для дзяцей “Прыгоды дзеда Міхеда” (Мінск, 1956, 2011). Выдадзены Выбраныя творы ў 2 тамах (Мінск, 1970, 1981). Перакладаў творы пісьменнікаў народаў СССР на беларускую мову. Аўтар тэкстаў многіх беларускіх песень.