Александровіч Сцяпан Хусейнавіч (15.12.1921, г.п. Капыль, Мінская вобл. — 1.5.1986, Мінск). Крытык, літаратуразнаўца. Сябра СП з 1955 г
У 1939 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і быў прызваны ў Чырвоную Армію. Скончыў універсітэт у 1950 г. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Наваельненскай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна і ў Наваградку (1944—1953). У 1953—1958 гг. працаваў у Мінскім бібліятэчным тэхнікуме. У 1958—1963 гг. навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры Імя Янкі Купалы АН БССР. З 1963 г. — дацэнт, з 1974 г. — прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1955 г. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Славы III ступені і медалямі.
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Літаратурную працу пачаў у 1946 г. з крытычных артыкулаў і краязнаўчых нарысаў. Выдаў кнігі нарысаў “Незабыўнымі сцежкамі” (Мінск, 1959; 2 выд. 1962), “Па слядах паэтычнай легенды” (Мінск, 1965), “Тут зямля такая” (Мінск, 1974), “Вальнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі” (Мінск, 1975), зборнікі літаратурна-крытычных артыкулаў “Старонкі братняй дружбы” (Мінск, 1960), “Гісторыя і сучаснасць” (Мінск, 1968), “Кнігі і людзі” (Мінск, 1976), “Слова — багацце” (Мінск, 1981), манаграфію “Пуцявіны роднага слова” (Мінск, 1971). Адзін з аўтараў “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры” (1964). Аўтар аповесцей пра жыццё Якуба Коласа “Ад роднае зямлі…” (Мінск, 1962), “На шырокі прастор” (Мінск, 1972), “Крыжавыя дарогі” (Мінск, 1985), а таксама аповесці “Далёкія зарніцы” (Мінск, 1967). Падрыхтаваў для выдання зборнікі творчай спадчыны Ф.Багушэвіча (“Творы”, Мінск, 1967), А.Паўловіча (“Выбранае”, Мінск, 1975), Цёткі (“Творы”, Мінск, 1976), К.Каганца (“Творы”, Мінск, 1979). Складальнік вучэбнага дапаможніка “Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытычных матэрыялаў” (з В.Александровіч; Мінск, 1978).