Авечкін Аляксандр Аляксеевіч (псеўд. А. Алов, 9(22).6.1913, Чудава, Ноўгарадская вобл., Расія — 7.11.1980, Брэст). Дзіцячы пісьменнік, празаік. Сябра СП з 1951 г.
Нарадзіўся ў сям’і служачага. У 1929—1931 гг. працаваў рабочым на Чудаўскай запалкавай фабрыцы. У 1931—1936 гг. служыў у Савецкай Арміі, быў інструктарам чудаўскага аэраклуба. У час Вялікай Айчыннай вайны — лётчык, камандзір эскадрыллі. Скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1949), аддзяленне журналістыкі Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КПСС (1960). У 1950—1955 гг. працаваў уласным карэспандэнтам газеты “Калгасная праўда” па Брэсцкай вобласці. У 1955—1959 гг. — загадчыкам аддзела культуры брэсцкай абласной газеты “Заря”. У 1959—1961 гг. быў рэдактарам газеты “Красноярский пилот”. У 1963—1976 гг. старшы рэдактар брэсцкай абласной студыі тэлебачання. Быў сябрам СП СССР з 1958 г. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, “Знак Пашаны” і медалямі.
Пахаваны ў Брэсце.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1949 г. Аўтар аповесцей для дзяцей “Соломка” (Минск, 1951), “Ошибка «Дикого зубра»” (Красноярск, 1960), “У Дивных гор” (Минск, 1965), “Происшествия в конце каникул” (Минск, 1982), зборнікаў прозы “Подвиг сигналиста” (Минск, 1958), “Рассказы” (Красноярск, 1961), “Особое задание” (Минск, 1979). Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 121).