Выйшла кніга для дзяцей пра ролю мовы ў гісторыі, культуры і стасунках

У выдавецтве “Папуры” выйшла кніга “Што робіць нас людзьмі” лінгвіста Віктара Д.О. Сантаса, якая апавядае пра мову і яе ролю ў гісторыі, культуры і чалавечых стасунках. Кніга выйшла ў двух варыянтах — на беларускай і расейскай мовах. Пераклад з ангельскай зрабіла Наталля Давыдоўская.

Арыгінал кнігі “Што робіць нас людзьмі” выдадзены ў супрацоўніцтве з ЮНЕСКА з нагоды Міжнароднага дзесяцігоддзя моў карэнных народаў (2022–2032) і на сённяшні дзень кніга ўжо перакладзеная на больш як 50 моў свету.

Кнігу можна чытаць з дзецьмі ад 5 гадоў, а ўспрымаць гісторыю дапамагаюць ілюстрацыі мастачкі Анны Фарлаці.

“Я існую вельмі-вельмі даўно. Калі ты быў немаўляткам, то амаль не ведаў мяне, але цяпер не можаш без мяне абыходзіцца. Такіх, як я, тысячы, але некаторыя з нас знікаюць. Я магу злучыць цябе з мінулым, цяперашнім і будучыняй. Я раблю цябе чалавекам. Хто ж я і чаму я такая важная?” — гаворыцца ў анатацыі.

Частка аўтарскіх ганарараў ад продажу навінкі будзе пералічана арганізацыям, якія працуюць над захаваннем і адраджэннем моў ва ўсім свеце.

Кнігу ўжо можна купіць у беларускіх кнігарнях і на маркетплэйсах: Параграф 45 | Wildberries | Oz.by.