Выйшла кніга вершаў Ладзіка Майніча ў серыі “Брукаванка”

У серыі беларускай паэзіі “Брукаванка” выйшла новая кніга — зборнік вершаў “Кропля трымціць на лісточку” Ладзіка Майніча. Кніга дазваляе ўбачыць Майніча не толькі жартаўніка і назіральніка за літаратурным і грамадскім жыццём, але і лірыка, схільнага да лаканічнага выказвання, назірання і роздуму.

Ладзік Майніч (Уладзімір Хільмановіч) — бадай што самы невядомы беларускі паэт з тых, каго дагэтуль прадстаўляла кніжная серыя “Брукаванка”, піша “Ніва”. У кнігу ўвайшлі перадусім лірычныя вершы, а таксама шэраг тэкстаў на мелодыі сусветных песенных хітоў. Аднак і ў гэтых, на першы погляд, сур’ёзных тэкстах лёгка пазнаецца чалавек, які прывык рэагаваць на навакольнае жыццё.

Майніч — паэт рэакцыі. Ён адгукаецца на тое, што прачытаў, пачуў, заўважыў, што выклікала ў яго ўсмешку, раздражненне або роздум. Таму ў яго паэзіі шмат канкрэтных рэалій, тапонімаў, імёнаў і грамадскіх сюжэтаў.