hochroth Minsk выдаў зборнік таямнічага арцікмацыка

Кніга “дваццаць пяць” сталася восьмым выданнем берлінскага выдавецтва за 2026 год. “Восьмая, але пакуль не апошняя”, — падкрэслівае выдавец Дзмітрый Строцаў. То бок да новага года з’явіцца штосьці яшчэ.

Тг-акаўнт выдавецтва “Памежжа” апублікаваў прадмову да кнігі аўтарства Евы Арловай:

“Трымаючы ў руках паэтычную кнігу, чакаеш ад яе або натхнення і катарсісу, або поўнага несупадзення з тваім досведам і эстэтыкай. А бывае так, што кніга здзіўляе — і гэта якраз тое першае, што я магу сказаць пра паэзію арцікамацыка: яна здзіўляе. 

Я не назаву яе эксперыментальнай — хутчэй, так ствараецца сусвет аўтара: з гульні слоў, перапляцення, перакрыжавання сэнсаў і наскоку аднаго вобразу на другі, на стыку якіх нараджаецца нешта няўлоўнае, што потым доўга яшчэ смакуеш на языку і часам паўтараеш пра сябе. 

Вядома, гэта рызыка — купіць кнігу паэта, якога не ведаеш. Як згуляць у рулетку: або пашанцуе, або не. І праўда, на жаль, гэта здараецца вельмі часта: дачытваеш апошні радок, закрываеш кнігу, кладзеш яе на паліцу і ідзеш жыць далей сваё звыклае жыццё. 

Але калі пашанцуе, у цябе застанецца “свой” аўтар, кніга якога, як хэмінгуэеўскае свята, заўсёды будзе з табой”.

Кнігу арцікмацыка “дваццаць пяць” можна будзе знайсці на стэндзе выдавецтва hochroth Minsk на кніжным кірмашы варшаўскай “Прадмовы” 14-15 лістапада 2026 г.