Выйшла кніга “Нябачныя: Галасы жонак беларускіх палітвязняў”

У выдавецтве Gutenberg Publisher выйшала новая кніга псіхалагіні Вольгі Вялічкі “Нябачныя: Галасы жонак беларускіх палітвязняў”. Гэтым разам суразмоўніцамі аўтаркі сталі жанчыны, чые мужы трапілі за краты за свае перакананні.

Некаторыя з гераінь выступаюць пад уласным імем, іншыя схаваныя за псеўданімамі. Іх гісторыі паказваюць цэлы пласт невідочных цяжкасцяў, выпрабаванняў і душэўнага болю, з якімі сутыкаецца кожная ў падобнай сітуацыі і да якіх проста немагчыма падрыхтавацца. Але ва ўсіх тэкстах чуваць пратэст: супраць абставін, якія не пакінулі выбару.

Псіхалагічны аналіз, змешчаны пасля гісторый, дадае выразнай глыбіні і сістэмнасці погляду на тое, што і якой цаной даводзіцца пераадольваць жонкам палітвязняў. Кніга ў вялікай ступені не толькі і не столькі пра турму і рэпрэсіі, колькі пра ўсіх нас, нашых жанчын, нашае грамадства, нашыя сем’і, стасункі, дзяцей.

Прадмову да кнігі напісаў нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, а водгукі іншыя вядомыя былыя палітвязні.

Вольга Вялічка — псіхалагіня, грамадская актывістка і літаратарка, стваральніца сістэмы паліятыўнай дапамогі ў Гродне, дабрачыннай арганізацыі "Гродзенскі дзіцячы хоспіс". Лаўрэатка Прэміі Адамовіча за сваю першую кнігу пра дзяцей беларускіх палітвязняў "Ад двух да пятнаццаці: Мая мама ў турме".